Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЮЦЦА ПАВОДКI Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЭЎРОПЕ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Сёньня эпiцэнтар паводкi ў Нямеччыне перамясьцiўся ўжо з Саксонii ў суседнюю Саксонiю-Ангальт. Надзвычайнае становiшча ўведзенае ў сталiцы гэтай зямлi Магдэбургу. Жылыя кварталы ў яго цэнтральнай частцы на тры мэтры пад вадой. Найменей 20 тысячаў чалавек эвакуяваныя. У вельмi небясьпечны аб’ект пераўтварыўся прамысловы горад Бiтэрфэльд, дзе знаходзяцца хiмiчныя фабрыкi. Пасьля эвакуацыi ў iм не засталося практычна нiводнай жывой душы. Горад сёньня мае фантасмагарычнае аблiчча – па пустых вулiцах крочаць у спэцвопратках пажарнiкi, вайскоўцы, якiя працягваюць адгароджваць ад паводкi склады з хiмiкалiямi. Плынь змаглi спынiць усяго ў некалькiх сантымэтрах ад тэрыторыi гэтак званага “хiмiчнага парку”, папярэдзiўшы тым самым атручваньне вады. Усё ўзьбярэжжа Эльбы на поўнач ад Дрэздэну абвешчанае зонай экалягiчнай катастрофы.

Канцлер Герхард Шродэр назваў сытуацыю нацыянальным бедзтвам. Урад краiны вызначыўся з матэрыяльнай дапамогай пацярпелым. Але зараз самае цяжкое – як мага хутчэй лiквiдаваць наступствы патопу, аднавiць iнфраструктуру, наладзiць сувязь i транспартныя зносiны. Гэта сталася сур’ёзнай праблемай нават для такой багатай краiны, як Нямеччына.

У Нератовiцах, дзе ў выніку выкiдаў хлору ў паветра паўстала была пагроза хiмiчнай катастрофы, зараз, на шчасьце, сытуацыя пад кантролем. Увечары пра гэта паведамiў мiнiстар навакольнага асяродзьдзя. А тыя выкiды, пра якiя паведамлялася, не ўяўляюць пагрозы для людзей.

У Празе ўзровень вады ў Влтаве паступова спадае. Але людзi пакуль яшчэ ня могуць вярнуцца ў пакiнутыя дамы, па-ранейшаму складанасьцi з рухам транспарту. Найболей складаная сытуацыя ў Чэхіі склалася на поўначы– нiжэй па цячэньні Влтавы i Лабы (цi па-нямецку – Эльбы). Там у шэрагу раёнаў узровень вады вырас болей чым на 10 мэтраў. У горадзе Усьцi-над-Лабэм ад прычалу адарвалася баржа, якая магла пашкодзiць апоры мастоў. Вырашылi затапiць яе, падарваўшы. Такая апэрацыя была праведзеная ў iншым раёне Чэхii. Але гэтым разам вынiкам сталася сьмерць – мэталiчным асколкам баржы забiты чалавек, якi не прыслухаўся да парады схавацца ў бясьпечным месцы. Асколак трапiў яму проста ў сэрца. Гэта была 11-я ахвяра паводкi.

Пра 12-ю прыйшло паведамленьне некалькi гадзiнаў таму. Палiцыя ў Кралупах-над-Влтаваю знайшла цела невядомага мужчыны. Мяркуецца, што гэта кiроўца аўтамабiлю, якi затануў у сераду на глыбiнi 6 мэтраў. Тады кiроўцу не знайшлi.

Тым часам пачынаюцца працы ў ацэнцы стратаў у выніку гэтай наймацнейшай у гiсторыi Чэхіі паводкi i лiквiдацыi наступстваў стыхii. Прэм’ер-мiнiстар Уладзiмер Шпiдла заявiў, што страты значна большыя, чым ад мiнулай паводкi 1997 году, калi яны склалi 60 мiльярдаў крон. Паводле ягоных словаў, маштабы сёлетнiх стратаў нават прыблiзна ацанiць складана. Тым болей, што каласальныя страты панесьлi культурныя каштоўнасьцi, якiх у Чэхii шмат.

Прага – вельмi прывабнае месца i для беларускiх турыстаў. Шмат людзей плянавалi прыехаць сюды ў жнiўнi. Даехаць можна. Цягнiкi прыбываюць, ходзяць i аўтобусы. Праўда, маршруты, якiя мелiся прыяжджаць на станцыю Флорэнц (а такi маршрут ёсьць i зь Беларусi), прыбываюць у iншыя месцы гораду. Пра месца давозу пасажэраў рэгулярна паведамляецца. З гэтым праблемаў няма – у Празе вельмi дакладна i адказна працуюць усе службы, у тым лiку i транспартныя. Але асабiста я не раiў бы ехаць зараз у Прагу. Вы ня ўбачыце гораду ва ўсёй ягонай прыгажосьцi. Стары горад – а безь яго Прага ня ёсьць Прагай – перакрыты. Шмат дзе няма сьвятла, бываюць перабоi з вадой. Зачыненыя многiя крамы. Прынамсi, узважце ўсё, каб не было пасьля шкада змарнаваных грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG