Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЭТ ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН ЗВОЛЬНІЎСЯ ЗЬ “БЕЛАРУСКАГА ЧАСУ”


Міхал Стэльмак, Менск

(Карэспандэнт: ) “Генадзь Мікалаевіч, з чым зьвязаны ваш сыход з рэдакцыйнага калектыву газэты “Беларускі час”?

(Бураўкін: ) “Ён зьвязаны з абсалютна нечаканай і непрыемнай для мяне зьявай – звальненьнем, звальненьнем дастаткова бесцырымонным, Аляксандра Старыкевіча з пасады галоўнага рэдактара. Старыкевіч для мяне – гэта асоба ў нашай журналістыцы. А пасьля таго, як я папрацаваў зь ім як галоўным рэдактарам, я скажу, што гэта асоба ў нашай журналісцкай справе. І таму я пайшоў з рэдакцыі, пайшоў са старонак “Беларускага часу”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што ў часе нядаўняй сустрэчы супрацоўнікаў “Беларускага часу” зь Леанідам Козікам вы адкрыта выказалі яму нязгоду са звальненьнем Аляксандра Старыкевіча. Але ў сёньняшняй публікацыі “Слова на разьвітаньне” вы публічна не агучылі матываў свайго звальненьня, спаслаліся на абставіны, але не патлумачылі іх. Чаму?”

(Бураўкін: ) “Я думаю, што ў такіх рэчах нашы чытачы – чытачы інфармаваныя, яны ўсё добра ведаюць. Паўтараць тое, што друкавалася ў папярэдніх нумарах “Беларускага часу”, пра што шырока гаварылася ў іншых “нефармальных”, як іх называюць, газэтах, я палічыў, што няма неабходнасьці ўсё гэта паўтараць. А людзі, якія чыталі мае калёнкі, якія ведаюць маю пазыцыю, ведаюць мае прынцыпы, яны лёгка вылічылі, лёгка здагадаліся, у чым справа”.

(Карэспандэнт: ) “Я хацеў бы вярнуцца да пачатку вашай працы ў прафсаюзнай газэце. У вашым жыцьці былі вельмі высокія пасады. Вы былі старшынём Дзяржтэлерадыё, прадстаўлялі Беларусь у ААН. І прыйшлі вы ў газэту напярэдадні леташняй прэзыдэнцкай кампаніі. Я ведаю, што некаторыя асобы выказвалі тады такія меркаваньні: маўляў, Бураўкін пры дапамозе Ганчарыка хоча вярнуцца ва ўладу”.

(Бураўкін: ) “Калі ў каго былі такія думкі ці меркаваньні, то магу адразу сказаць, што гэта несусьветнае глупства, і ня болей таго. Калі б я так хацеў ва ўладу, то, па-першае, я мог у ёй быць. Для гэтаго трэба было пайсьці служыць таму рэжыму, які мае такую непахісную ўладу ў Беларусі. Таму ніякага імкненьня да ўлады ў мяне не было.

А прыйшоў я ў “Беларускі час” па запрашэньні Аляксандра Старыкевіча. У той час, калі я прыйшоў у газэту, ніякіх размоваў пра Ганчарыка як пра кандыдата ў прэзыдэнты не было”.

(Карэспандэнт: ) “Вы разьвітваецеся з прафсаюзным выданьнем у няпросты для незалежнага прафсаюзнага руху час. На ваш погляд, што чакае Фэдэрацыю з прыходам у яе Леаніда Козіка?”

(Бураўкін: ) “Нічога добрага не чакае. Пасьля сустрэчы зь Леанідам Пятровічам я магу сказаць: прыйшоў чалавек, які мала ведае, ня хоча ведаць многа, які малакультурны, грубы і думае, што ён можа рабіць усё, што яму ўздумаецца. Ад такіх людзей, як паказвае мой ужо дастаткова багаты жыцьцёвы вопыт, чакаць дабра, чакаць нейкага плёну немагчыма”.
XS
SM
MD
LG