Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ПРАЦЯГВАЕ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ СУПРАЦЬ АДВАКАТА ІГАРА АКСЁНЧЫКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракуратура Ленінскага раёну працягнула яшчэ на месяц расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць былога адваката Ігара Аксёнчыка, вядомага сваімі заявамі адносна магчымай датычнасьці высокіх службовых асобаў да зьнікненьня апазыцыянэраў. У Аксёнчыка ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і зноў выклікаюць яго на допыты. Ігар Аксёнчык напісаў чарговае хадайніцтва аб прыпыненьні крымінальнай справы супроць яго, спасылаючыся на гарантаваную законам недатыкальнасьць адваката, аднак гэтае хадайніцтва не задаволенае. Усё, што зь ім адбываецца, Аксёнчык лічыць перасьледам за абвінавачаньні на адрас уладаў.

(Аксёнчык: ) "Гэта працяг захадаў дзеля ўтойваньня злачынства. Крымінальная справа ўзбуджаная супроць адваката, які, паводле нацыянальных законаў, мае недатыкальнасьць у межах выкананьня сваёй прафэсійнай дзейнасьці. Тым ня менш, мяне прыцягваюць да адказнасьці за тое, што я зрабіў як адвакат. Гэта таксама ёсьць парушэньнем міжнародных норамаў".

Чатыры месяцы таму, напярэдадні агалошаньня прысуду ў справе аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, Ігар Аксёнчык зрабіў для мэдыяў заяву, у якой паставіў пад сумнеў высновы сьледзтва пра аднаасобную віну Ігнатовіча і ягоных сяброў у выкраданьні апэратара ОРТ. Аксёнчык казаў пра адсутнасьць зьвестак пра замоўшчыка гэтага злачынства і спаслаўся на шэраг дакумэнтаў са справы Завадзкага, у якіх нібыта фігуруе генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Цяпер Аксёнчык заяўляе, што напрамую не абвінавачваў Шэймана ў зьнікненьні Завадскага, таму і справа пра паклёп на генэральнага пракурора не мае законных падставаў.

(Аксёнчык: ) "Сьледчыя нават ня высьвятлялі, ці былі ў мяне падставы заяўляць нешта пра Шэймана. Яны шукаюць, нібыта я сказаў, што гэта Шэйман загадаў скрасьці Завадскага і іншых. Але як я абвінаваціў у гэтым Шэймана, мне сьледчыя не патлумачылі”.

Паводле ягоных дадзеных, загад весьці супроць яго справу і шукаць доказы паклёпу на Віктара Шэймана раённыя пракуроры атрымалі зьверху, з рэспубліканскай пракуратуры. "Самі яны б даўно зачынілі гэтую справу як непэрспэктыўную, але ж ім не дазваляюць", – гэтак адвакат пракамэнтаваў працяг расьсьледаваньня крымінальнай справы.

Варта заўважыць, што імгненная і вельмі пільная ўвага сьледчых да любой заявы на адрас генэральнага пракурора Віктара Шэймана стала звычайнай зьявай. Нагадаем, што днямі карэспандэнтку "Белорусской деловой газеты" Ірыну Халіп выклікалі на размову да сьледчага пракуратуры пасьля таго, як яна ўзгадала імя Шэймана у сваім артыкуле, прысьвечаным праблеме карупцыі. Ірына Халіп лічыць, што яе хочуць прымусіць не закранаць тэму карумпаванасьці кіраўніцтва краіны.
XS
SM
MD
LG