Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УМЕРАНЫ КЛІМАТ ЗАХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ ЎСТАЛЁЎВАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Беларускае Палесьсе спрадвек лічыцца зонай падвышанай рызыкі затапленьня. Грунтовыя воды ў гэтым рэгіёне знаходзяцца настолькі блізка ад паверхні, што нават невялікай звышнормы ападкаў хапае для імклівага затапленьня поймаў на многія сотні кілямэтраў. Тое ж здараецца і ўвесну, калі прыпяцкі басэйн адзначаецца паводкамі.

Аднак адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што найбольшую небясьпеку нясуць менавіта летнія паводкі, якія прыраўноўваюцца да прыроднай анамаліі. У гэтым выпадку прагназаваць эпіцэнтар дажджавых ападкаў цяжка, а перапоўненыя рэкі трапляюць у вадасховішчы, якія ня маюць рэзэрваў дзеля дадатковага напаўненьня. Галоўны інжынэр упраўленьня эксплюатацыі канцэрну “Белмэліявадгас” Іван Яфімаў кажа, што геаграфічныя каардынаты анамальных месцаў паступова карэктуюцца.

(Яфімаў: ) “Паводле зьвестак мінулых гадоў, пакуль гэта поўдзень Беларусі, Прыпяць. Дакладней, сумежжа Беларусі і Ўкраіны. Але досьвед Эўропы прадэманстраваў: няма ніякіх гарантыяў, што гэта не дасягне і астатніх месцаў. Катаклізмы ў Эўропе працягваюцца. Паводле прагнозаў гідрамэтэацэнтру, сёньня-заўтра будзе “накрытая” Малдова. Але куды стыхія пойдзе далей?

Сёлета ўжо было некалькі сьмерчаў па Берасьцейскай вобласьці, само Берасьце пацярпела. Відавочна, што зьмяняецца сам клімат, і з рэзкакантынэнтальнага ён можа перайсьці ва ўмераны, г.зн., у цёплы. Іншымі словамі, клімат Эўропы можа перадысьлякавацца ў Беларусь і Заходнюю Расею”.

Гэта ж, у сваю чаргу, цягне характэрныя для ўмеранага клімату частыя ліўні і сьмерчы — першыя прадвесьнікі паводкі. А гаспадарчая дзейнасьць чалавека вядзе да таго, што прыродная стыхія набывае глябальныя маштабы. Працягвае Іван Яфімаў:

(Яфімаў: ) “Ствараецца парніковы эфэкт. Да таго ж, па ўсіх заходніх вадатоках пабудаваная вялізная колькасьць плацінаў, бальшыня рэчышчаў “апранутая” ў бэтон. Калі звычайная рака ці канал выкапаны без умацаваньняў, то ваду паглынае зямля. А так, дождж прайшоў, вада бяжыць да ракі па паверхні, як у горадзе па асфальце. Уся Эўропа апранутая ў каменьне, на дне рэк таксама бэтон. Адсюль і такія ваганьні ўзроўню вады.

Раней, калі не было плацін, рэкі разьліваліся па пойме, нікому не перашкаджаючы. Цяпер людзі пабудавалі ля вады паселішчы, гарады. У часе ліўневых дажджоў усе гэтыя месцы імгненна заліваюцца, выклікаючы рэзкія пад’ёмы водаў”.

Беларускія гарады ў гэтым сэнсе нічым не адрозьніваюцца ад заходніх. Тыя ж бэтонныя рэчышчы, тыя ж асфальтаваныя вуліцы. Месцаў, якія назапашваць дастатковую колькасьць вады, прыктычна няма. Таму ў выпадку звышнармаваных ападкаў менавіта буйныя гарады рызыкуюць быць залітымі першымі. Найбольшая вада, як і ў выпадках з Вэлтавай ці Эльбай, падымецца ў раёне рэк, якія праходзяць праз бальшыню беларускіх гарадоў. Гаворыць спадар Яфімаў:

(Яфімаў: ) “Гэта можа дакаціцца і да нас, да Беларусі. Да гэтага году самымі моцнымі традыцыйна былі веснавыя паводкі, калі прамерзлая зямля не набірала вільгаць, калі ствараліся цэлыя плаціны зь лёду. Але апошнім часам тэндэнцыя іншая — летнія паводкі. Да іх мы не гатовыя. Бо дамбы, якія трымаюць вадасховішчы, як правіла, земляныя і спадзявацца на іх немагчыма. Дый там, дзе ёсьць умацаваньні жалезабэтоннымі плітамі, амаль паўсюдна з-пад іх ідзе вынас вады. Патрэбныя грошы, каб усё гэта абсьледаваць”.

Грошай на мэтавае дасьледаваньне дамбаў не выдаткоўвалася цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Мала спадзяваньняў, што нешта зьменіцца і пасьля цяперашніх прыродных катаклізмаў.
XS
SM
MD
LG