Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЧАЛІСЯ ЎРАЧЫСТАСЬЦІ Ў ГОНАР БЕЛАРУСКІХ КСЯНДЗОЎ-МАРЫЯНАЎ АНТОНІЯ ЛЯШЧЭВІЧА ДЫ ЮРЫЯ КАШЫРЫ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра зазналі пакутніцкую сьмерць у лютым 1943 году ад рук карнікаў Латыскага легіёну. Нямецкі афіцэр, які камандаваў легіянэрамі, прапаноўваў сьвятарам пакінуць вёску і, такім чынам, застацца ў жывых. Сьвятары, аднак, адмовіліся ад такой прапановы і былі спаленыя разам зь вернікамі ў адрыне. У чэрвені 1999 году папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў айцоў Антонія ды Юрыя, і ад тае пары ў Росіцы, на месцы іхнай пакутніцкай сьмерці, ладзяцца штогадовыя ўрачыстасьці.

Само сьвята пачалося сьвятой імшой у адноўленым касьцёле Сьв. Тройцы. Ганараваньне Блаславёных, аднак, ладзіцца ня толькі ў касьцельных сьценах. Арганізатарамі сьвята падрыхтаваная вялікая культурніцкая праграма: канцэрт клясычнай музыкі, выступ народнага хору, вакальнай групы, маладзёвага фольк-гурту. Пры гэтым усе імпрэзы ладзяцца выключна па-беларуску.

Сёньня ўначы адбудзецца ўрачысты ход са сьвечкамі да месца пакутніцкай сьмерці айцоў Антонія ды Юрыя, а заўтра сьвята працягнецца. Ушанаваць памяць беларускіх ксяндзоў прыехалі шматлікія госьці з Ватыкану, Польшчы, Латвіі, Украіны ды іншых краінаў. Паколькі Росіца знаходзіцца ў памежнай зоне, улады на час сьвяткаваньня дазволілі спрошчаны праезд вернікаў і арганізавалі аўтобусны рух з Дрысы і Бігосава.
XS
SM
MD
LG