Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬДЗІЎЛЕНЬНЕ І ШКАДАВАНЬНЕ З ПРЫЧЫНЫ ЛУКАШЭНКАВАЙ АДМОВЫ


Юры Дракахруст, Прага

Cтаршыня Дзярждумы Расеі Селязьнёў выказаў меркаваньне, што найбольш прымальным варыянтам была б пабудова саюзнай дзяржавы паводле ўзору Эўразьвязу. Ён ня выключыў, што ў пэрспэктыве магла б быць рэалізаваная і мадэль аб’яднаньня ў Фэдэрацыю, аднак цяпер, паводле Селязьнёва, казаць пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ня толькі беспэрспэктыўна, але і шкодна.

Шкадаваньне з прычыны адмовы Лукашэнкі прыняць інтэграцыйныя прапановы Пуціна выказаў старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў. Аднак ён назваў такі адказ афіцыйнага Менску чаканым і дадаў, што супраць ініцыятывы Пуціна будуць кіруючыя колы і нацыяналістычныя сілы Беларусі. Вешнякоў патлумачыў, што калі на выбарах прэзыдэнта адзінай дзяржавы пераможа Пуцін, гэта ня будзе азначаць, што пачынаецца новы адлік тэрміну ягонага прэзыдэнцтва. Паводле Вешнякова стварэньне адзінай дзяржавы фактычна азначала б уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. “Нашая дзяржава папоўнілася б яшчэ дзесяцьцю мільёнамі жыхароў, і Канстытуцыя Расеі засталася б непахісная”, – заявіў старшыня расейскага Цэнтарвыбаркаму Аляксандар Вешнякоў.

Намесьнік кіраўніка апарату ўраду Расеі Аляксей Волін выказаў зьдзіўленьне рэакцыяй беларускага кіраўніцтва на прапановы Пуціна. Паводле Воліна, кіраўніцтва Беларусі працяглы час казала пра жаданьне інтэгравацца з Расеяй, і незразумела, чаму цяпер прапановы Расеі выклікаюць такую рэакцыю. Расейскі чыноўнік адзначыў, што прапановы Масквы выгадныя насельніцтву Беларусі, бо прывядуць да выраўноўваньня ўмоваў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзьвюх краінаў, да таго ж, паводле Воліна, яны ўлічваюць адміністрацыйны падзел Беларусі. Нагадаем, што Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі цяперашнімі абласьцямі. «Галоўнае пытаньне – ці жадае інтэгравацца беларускае кіраўніцтва» – сказаў Аляксей Волін.

У падтрымку правядзеньня рэфэрэндуму аб аб’яднаньні выказаўся адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў пытаньні Калінінградзкай вобласьці Дзьмітры Рагозін. Паводле яго, на рэфэрэндум варта вынесьці некалькі варыянтаў аб’яднаньня, “хай людзі самі адкажуць, дзе ім жыць і як – паводле прынцыпу Эўразьвязу ці ў фэдэральнай дзяржаве”, – заявіў Рагозін. Камэнтуючы заяву Лукашэнкі аб непрымальнасьці для Беларусі ўваходжаньня ў склад Расеі, адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Расеі сказаў, што часам наступае момант ісьціны, калі высьвятляецца сапраўдная зацікаўленасьць палітыкаў у тым, каб рушыць насустрач.
XS
SM
MD
LG