Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЭМЛЬ РЫХТУЕ ЗЬМЕНУ ЎЛАДЫ Ў МЕНСКУ


Аляксандар Лукашук, Прага

Інстытут зьбірае інфармацыю і робіць аналіз і прагнозы разьвіцьця падзеяў, якімі карыстаюцца міжнародныя карпарацыі, урады, акадэмічныя ўстановы ва ўсім сьвеце. Супрацоўнікі “Стратфору” – прафэсіяналы з галінаў выведкі, войска, навукі, дасьледных інстытутаў.

Аналітыкі называюць Беларусь найбліжэйшым саюзьнікам Расеі – але з тае прычыны, што болей ніхто ня хоча сябраваць зь Беларусьсю. Грубае абыходжаньне з замежнымі дыпляматамі і заляцаньні да рэжымаў Іраку, Лібіі зрабілі Беларусь палітычным парыям на Захадзе. Савецкая нерэфармаваная эканоміка не дазваляе краіне ўдзельнічаць у сусьветным рынку. Толькі расейскія эканамічныя льготы дапамагаюць беларускай гаспадарцы трываць, а насельніцтву мець значна большы ўзровень жыцьця, чым насамрэч магла б даць малая ізаляваная эканоміка.

Аналітыкі згадваюць і амбіцыі Лукашэнкі, які мог прынагодна пацясьніць старога і хворага Ельцына. Аднак Пуцін перакрэсьліў гэтыя пляны. Больш таго, напрыканцы 2000 году Пуцін спакойна назіраў, як выкідалі з улады яшчэ аднаго вернага саюзьніка Масквы – Мілошавіча. Ужо тады Лукашэнка мог адчуць, якая будучыня чакае яго самога.

Рэзкі крызыс у беларуска-расейскім саюзе ўзьнік менавіта цяпер, бо былі груба парушаныя інтарэсы расейскага капіталу, асабліва - спробай нацыяналізацыі кампаніі “Захад-Транснафтапрадукт”. Па гэтай трубе перкачваецца траціна ўсяго расейскага дызельнага паліва на экспарт. Расейскія стратэгічныя трубаправоды “Дружба” і “Ямал” таксама могуць апынуцца пад пагрозай. А энэргапастаўкі ў Эўропу – гэта падмурак стратэгіі Пуціна па інтэграцыі Расеі і Эўропы.

Крыніцы ў расейскіх спэцслужбах кажуць, што Пуцін аддаў загад аднавіць расейскую сетку ў Беларусі. Гэта адпавядае стратэгіі пастаяннага выводжаньня Лукашэнкі зь сябе і правакаваньня яго на рэзкія крокі. Калі ён ня будзе выконваць расейскія ўмовы і надалей будзе закранаць доўгатэрміновыя інтарэсы Масквы – напрыклад, захопіць нафтаправоды – тады Расея і Эўропа разам выступяць супраць Менску. Тады Пуцін зможа спыніць датацыі Беларусі. Бяз газу, нафты, электрычнасьці насельніцтва Беларусі можа разабрацца з Лукашэнкам так, як разабраліся сэрбы зь Мілошавічам, і задаволеныя будуць і Расея, і Эўропа, лічаць аналітыкі “Стратфору”.

Амэрыканскія дасьледнікі нічога ня пішуць пра незалежнасьць Беларусі ў такім выпадку. Гэты аналітычны прагноз апублікаваны толькі сёньня – і ён абмежаваны аналізам толькі праблемы Лукашэнкі ва ўладзе.

Адрас ў Інтэрнэце – www.stratfor.com


XS
SM
MD
LG