Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДУМСКІЯ ЦЭНТРЫСТЫ І ПРАВЫЯ – ЗА ПРАПАНОВЫ ПУЦІНА Ў ПЫТАНЬНІ САЮЗУ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ, ЛЕВЫЯ ІХ КРЫТЫКУЮЦЬ


Юры Дракахруст, Прага

На думку старшыні камітэту ў справах заканадаўства Савету Фэдэрацыі Расеі Юрыя Шарандзіна, ўчорашнія інтэграцыйныя прапановы Пуціна цалкам ў межах здаровага сэнсу і адпавядаюць расейскаму заканадаўству. Сэнатар нагадаў, што ў Расеі дзейнічае закон аб уступленьні ў Расейскую Фэдэрацыю новага суб’екту. А старшыня камітэту ў справах інфармацыйнай палітыкі Савету Фэдэрацыі Дзьмітры Мезенцаў, камэнтуючы заяву Лукашэнкі, што Беларусь ня стане часткаю Расеі, выказаў упэўненасьць, што кіраўнік Беларусі зьмякчыць сваю пазыцыю. Паводле Мезенцава, рэфэрэндум аб аб’яднаньні – гэта не прэрагатыва таго або іншага палітычнага лідэра.

Лідэр групы «Народны дэпутат» у Дзярждуме Расеі Генадзь Райкоў лічыць, што гэтыя прапановы – не ультыматум, а нармальныя , дзелавыя прапановы, на якія беларускі бок мусіць даць такі ж дакладны адказ.

Намесьнік кіраўніка фракцыі Саюзу Правых Сілаў у Дзярждуме Аляксандар Баранікаў мяркуе, што ініцыятывы Пуціна - не імпэрскія амбіцыі, а дакладны накірунак дэмакратычнага разьвіцьця саюзнай дзяржавы. На думку Баранікава, Масква дае Беларусі шанец выбрацца з дрыгвы, у якую яе загнаў чырвоны Лукашэнка.

Віцэ-сьпікер Дзярждумы Ірына Хакамада кажа, што калі Беларусь адмовіцца ад прапановы Пуціна, то трэба спыніць гульні ў імітацыю збліжэньня Расеі і Беларусі і стварэньня двухузроўневай дзяржавы ў форме канфэдэрацыі.

На думку віцэ-сьпікера Дзярждумы Расеі, лідэра Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Ўладзімера Жырыноўскага, мадэль Эўразьвязу для беларуска-расейскага саюзу не падыходзіць. “Гэта будзе краіна, дзе будуць шырокія правы тэрыторыяў, але адзіная эканоміка, абаронная і зьнешняя палітыка, адна Канстытуцыя, адзін прэзыдэнт”, – мяркуе Жырыноўскі . Ён дадаў, што пры аб’яднаньні Лукашэнка ня будзе абмежаваны ў сваіх правох, ён захавае свае паўнамоцтвы кіраўніка суб’екту ў межах новага дзяржаўнага ўтварэньня, кажа лідэр ЛДПР.

Ёсьць і апанэнты гэтых меркаваньняў. Сябра камуністычнай фракцыі Анатоль Лук'янаў мяркуе, што зрабіць учорашнія прапановы Пуціна падштурхоўвалі ЗША, Нямеччына ды іншыя заходнія краіны. Ён мяркуе, што гэтыя ініцыятывы адлюстроўваюць інтарэсы расейскіх алігархаў, якія хочуць улезьці ў эканоміку Беларусі «рукамі і нагамі». Лук'янаў нагадаў, што ў Расеі ўзровень прыватызацыі дзяржмаёмасьці дасягнуў 82%, тым часам як у Беларусі ён складае толькі 7%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG