Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЛІЗКІЯ ДА ЛУКАШЭНКІ ПАЛІТЫКІ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ ПУЦІНА Ў ІМПЭРСКІХ АМБІЦЫЯХ


Юры Сьвірко, Менск

Былы кіраўнік перадвыбарчай групы Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі гэтак званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец гэтак пракамэнтаваў вынікі ўчорашняе сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным:

(Чаргінец: ) “Асабіста я ацэньваю гэтую сустрэчу як мажлівасьць яшчэ раз убачыць пазыцыю кіраўніцтва Расеі, у першую чаргу ейнага прэзыдэнта. Я ні ў якой ступені не пагаджуся – як і нашы грамадзяне – з тым, што прапаноўвае Пуцін: каб разьбіць Беларусь на вобласьці ды па абласьцях уступіць у склад РФ. Гэта нешта папахвае амбіцыямі такімі імпэрскімі. Калі ўявіць сабе на хвіліну, што гэта здарылася б, дык выходзіць, што пасьля гэтага слова “Беларусь” трэба выкінуць з палітычнае мапы сьвету. На гэта мы ніколі ня пойдзем”.

Мікалай Чаргінец дадаў, што нехта забываецца пра ўдзел Беларусі ў заснаваньні ААН, пра тое, што Беларусь заўсёды абараняла свой сувэрэнітэт і мільёны людзей аддалі за гэта свае жыцьці. Але я нагадаў спадару Чаргінцу наступныя Лукашэнкавы словы: “Мы пойдзем у стасунках з Расеяй так далёка, як захоча сама Расея”.

(Чаргінец: ) “Правільна. І я пацьвярджаю гэта. Гэта маецца на ўвазе, што мы пойдзем так далёка, наколькі пажадае сама Расея – у рамках тае дамовы, якая падпісаная паміж Беларусьсю і Расеяй. Але ў дамове дакладна гаворыцца, што кожная з краінаў застаецца незалежнай, сувэрэннай дзяржавай”.

На просьбу падзяліцца прагнозам наконт будучыні расейска-беларускай інтэграцыі Мікалай Чаргінец адказаў сьцісла: “Будуць працягвацца перамовы”. Але дадаў:

(Чаргінец: ) “Трэба ўлічваць, што неўзабаве выбары прэзыдэнта Расеі. Гэта таксама, мабыць, ход перадвыбарчы. Па-другое, мы будзем дабівацца, каб тыя палажэньні, якія закладзеныя ў дамову, выконваліся як з боку Беларусі, гэтак і з боку Расеі. І будзем бачыць. Я думаю, што эканоміка – гэта найпершы сродак лячэньня ад амбіцыяў ды іншага. Трэба разьвіваць эканоміку”.

Спадар Чаргінец заявіў таксама, што, на ягоную думку, рэфэрэндуму пра аб’яднаньне ў траўні наступнага году ня будзе.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG