Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫСУД ЖУРНАЛІСТАМ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ” ПАКІНУЛІ БЯЗЬ ЗЬМЕНАЎ


Міхаіл Карневіч, Горадня

У склад калегіі ўваходзілі тры судзьдзі – А.Корзун, Цьвяткоў і Заяц. Праз тры дні, згодна з заканадаўствам, журналісты абавязаныя зьявіцца ва ўпраўленьне выкананьня пакараньняў па Гарадзенскай вобласьці, дзе і будзе вызначанае месца адбыцьця пакараньня.

П.Мажэйка і М.Маркевіч былі асуджаныя Ленінскім судом Горадні па арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу Беларусі “за паклёп на прэзыдэнта Лукашэнку”. Маркевіч прысуджаны да двух з паловай гадоў абмежаваньня волі ў папраўчых установах адкрытага тыпу, а Мажэйка – да двух.

Сёньня ў судзе М.Маркевіч падаў некалькі хадайніцтваў. Найперш ён патрабаваў адвод дзяржаўнага абвінаваўцы Ўладзімера Рабава, які, па ягоных словах, у папярэднім судовым працэсе зарэкамэндаваў сябе неаб’ектыўным і неадукаваным спэцыялістам. Ён таксама заявіў, што пратакол суду Ленінскага раёну па іхнай справе сфальсыфікаваны і ягоны зьмест не адпавядае таму, што журналісты казалі ў судзе.

Падчас судовага працэсу Маркевіч і Мажэйка гаварылі на беларускай мове, а іхныя словы ў пратаколе пісалі па-расейску, гэтым самы значна зьмяніўшы сэнс сказанага. Журналісты напісалі скаргу судзьдзі Т.Клімавай, але тая не дала ім адказу.

М.Маркевіч яшчэ раз выказаў сваю пазыцыю ў адносінах прысуду, зьвярнуўшы ўвагу калегіі судзьдзяў на тое, што ні па водным з абвінавачаньняў не прызнае сябе вінаватым. Ён яшчэ раз нагадаў у залі суду, што асобныя выказваньні з артыкулаў, апублікаваных у газэце, за якія яго асудзілі, не ўтрымліваюць паклёпу на прэзыдэнта, што гэта зьяўляецца прыватным поглядам аўтараў; што газэта не была распаўсюджаная сярод чытачоў, паколькі яе арыштавалі ў друкарні; што экспэртыза прафэсійных філёлягаў таксама сьведчыць аб адсутнасьці паклёпу; што Інтэрнэт, празь які быццам былі распаўсюджаныя публікацыі, згодна з законам “Аб друку” не зьяўляецца СМІ.

У сваю чаргу пракурор Рабаў практычна паўтарыў абвінаваўчую прамову і запатрабаваў ад калегіі судзьдзяў, каб яны пакінулі прысуд бязь зьменаў, пры гэтым спасылаючыся на амністыю, папрасіў зьменшыць тэрмін пакараньня для абодвух журналістаў на адзін год. Дакладна такое рашэньне і прыняла калегія судзьдзяў па крымінальных справах Гарадзенскай вобласьці.

І яшчэ. У дзевяць гадзін раніцы некалькі маладых людзей прынесьлі да будынка абласнога суду чорную труну з надпісам “Свабода Слова”. Адзін з маладзёнаў з маскай на твары і налепленымі вусамі выкрыкнуў: “Я сваю справу зрабіў, цяпер чарга за вамі!” Пакінуўшы труну, маладзёны зьбеглі.

У судовую залю пускалі толькі журналістаў. Нягледзячы на тое, што там яшчэ былі вольныя месцы, астатнім так і не дазволілі туды ўвайсьці.

XS
SM
MD
LG