Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“УСТУПАЙЦЕ Ў РАСЕЮ! - ЗАПРАПАНАВАЎ ПУЦІН БЕЛАРУСІ”


Юры Дракахруст, Прага

Напачатку некалькі звышрадыкальных ацэнак.

Дырэктар расейскага агенства рэгіянальнай палітыкі Валер Хамякоў выказвае меркаваньне, што ў хуткім часе адбудзецца распад беларускай дзяржаўнасьці і Пуцін выступіць уратавальнікам беларускага народу. А ў інтэрвію інтэрнэт-выданьню “Страна.ру” нейкі ананімны чыноўнік зь інтэграцыйных структураў, прагназуючы вынікі рэфэрэндуму, кажа, што ў Беларусі супраць прагаласуе толькі частка моладзі, якой у выпадку аб’яднаньня давядзецца ваяваць у Чачні.

Больш салідныя выданьні аналізуюць тое, што адбылося ўчора ў Маскве, больш памяркоўна. “Коммерсантъ” у артыкуле пад іранічным загалоўкам “Аляксандар Рыгоравіч мяняе прафэсію” піша, што Лукашэнка цяпер, відаць, шкадуе, што ўвогуле не адмяніў свой візыт. Газэта апісвае, як на выніковай прэсавай канфэрэнцыі беларускі кіраўнік сказаў пра тры розныя варыянты інтэграцыі, дадаўшы, што ані ён, ані Пуцін ня будуць пра іх канкрэтна казаць. Аднак сп-р Пуцін – працягвае “Коммерсантъ” зрабіў зусім іншае, пачаўшы з канкрэтнымі тэрмінамі выкладаць варыянт поўнага аб’яднаньня. На Лукашэнку было шкада глядзець, піша газэта. Напрыканцы артыкулу адзначаецца, што беларускі лідэр ніяк ня можа пагадзіцца на прапановы Пуціна, і атрымаецца, што менавіта ён выступае супраць стварэньня саюзнай дзяржавы.

Увогуле пра настрой расейскіх выданьняў гавораць нават загалоўкі артыкулаў, прысьвечаных інтэграцыйнай тэме. “Ведомости” – “Устапайце ў Расею! - запрапанаваў Пуцін Беларусі”, “Время МН” – “Беларусі запрапанавана ўвайсьці ў склад Расеі”, “Время новостей” – “Паўпрэд Лукашэнка” (паўпрэдамі ў Расеі называюць прызначаных прэзыдэнтам кіраўнікоў фэдэральных акругаў), “Независимая газета” – “Беларусь стане 90-м суб’ектам Фэдэрацыі”, “Известия” –“Праз паўтара года Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам”, “Московский комсомолец” – “Калі мы зможам выбраць прэзыдэнта Расібеліі”, Інтэрнэт-выданьне “Газета.ру” - “Пуцін хоча стаць прэзыдэнтам Беларусі”.

Дарэчы, на думку “Газеты.ру”, на самой справе варыянт аб’яднаньня толькі адзіны – праз паглынаньне Беларусі Расеяй. І “Газета.ру”, і шэраг іншых выданьняў зьвяртаюць увагу на ўзгодненасьць тэрмінаў аб’яднаньня паводле Пуціна з расейскім перадвыбарчым календаром. Выказваецца меркаваньне, што праз саюзнае прэзыдэнтства Пуцін можа атрымаць трэці тэрмін праўленьня - сцэнар, які актыўна абмяркоўваўся за часоў Ельцына.

“Известия” цытуюць словы дырэктара Цэнтру палітычнай кан’юнктуры Валера Фёдарава, які адзначае, што запрапанаваны сцэнар можа быць рэалізаваны толькі калі яго прыме Лукашэнка. Аднак Пуцін, працягвае палітоляг, выдатна разумее, што Лукашэнка яго ня прыме, бо гэта азначае для Лукашэнкі палітычную сьмерць.
Газэта прыводзіць меркаваньне дасьледніка з маскоўскага Цэнтру Карнэгі Андрэя Рабава, які кажа, што Пуцін зрабіў дакладны крок, ператварыўшы Лукашэнку ў галоўнага дэзынтэгратара, а сябе – у галоўнага зьбіральніка ўсходнеславянскіх земляў. Сп. Рабаў адзначае, што Крэмль скарыстаў безвыходнасьць вонкавага і ўнутранага стану Лукашэнкі, бо Беларусь больш не зьяўляецца фарпостам Расеі ў барацьбе з пашырэньнем НАТА.

Газэта “Ведомости” прыводзіць словы Лукашэнкі, сказаныя пасьля вяртаньня ў Менск, што прапановы Пуціна для Беларусі адназначна непрымальныя. Цытуецца і заўвага кіраўніка Беларусі, што Менск гатовы перайсьці на расейскі рубель хоць з 2003 году, але пры ўмове захаваньня свайго ўплыву на палітыку эмісійнага цэнтру.
Пуцін падчас учорашняй прэсавай канфэрэнцыі запрапанаваў прысьпешыць пераход Беларусі на расейскі рубель, увёўшы яго з 2004 году. Як тлумачаць “Ведомости”, расейскі варыянт гэтага пераходу пакідае права эмісіі выключна за цэнтрабанкам Расеі.
XS
SM
MD
LG