Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ АБУРАНЫЯ ПРАПАНОВАЙ УЛАДЗІМЕРА ПУЦІНА ЎВАЙСЬЦІ БЕЛАРУСІ Ў РАСЕЮ ЯК РЭГІЁН


Галіна Абакунчык, Менск

Меркаваньні менчукоў, незалежна ад іх узросту і сацыяльнага статусу, падзяліліся. Частка людзей мяркуе, што ад аб’яднаньня з Расеяй Беларусь атрымае эканамічныя выгады, але нэгатыўна паставілася да прапановы Ўладзімера Пуціна ўвайсьці ў склад Расеі на ўмовах суб’екту фэдэрацыі.

(Спадар: ) “Гэта выгадна для Беларусі, для нашай прамысловасьці. Гэта рынак збыту. Але тыя ўмовы, якія прапаноўвае Расея, я не прыняў бы. Бацька наш яшчэ думае, так, што паглядзім, што яшчэ будзе”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле згодная. Бо як быў саюз, дык хоць ня ўсё, на 50 адсоткаў, але было лепш”.

(Маладзён: ) “Добрая ідэя. Я за саюз Расеі й Беларусі. Езьдзіць па пашпартах – што гэта такое?”

(Іншы маладзён: ) “Можна будзе без праблем перасоўвацца, бо я сам рускі й мне прасьцей будзе езьдзіць да сваякоў”.

(Спадар: ) “Трэба прызнаць, што Расея багатая краіна, ад гэтага й трэба адштурхоўвацца. Але ніхто нічога проста так ня дасьць. Думаю, што нічога з гэтага не атрымаецца, бо ў Расеі свае інтарэсы, а ў Беларусі свае”.

Аднак бальшыня маіх выпадковых суразмоўцаў катэгарычна заявіла, што толькі дзяржаўны сувэрэнітэт і незалежнасьць дадуць магчымасьць Беларусі стаць заможнай і паважанай у сьвеце.

(Спадарыня сталага веку: ) “Плявалася ў тэлевізар. Таму што так нельга Беларусь крамсаць. Мы таксама людзі, і таксама павінныя жыць па-людзку. Вось што я разумею”.

(Іншая спадарыня: ) “Канечне, трэба каб Беларусь была асобная ад Расеі, зь якой мы павінныя моцна сябраваць”.

(Спадар: ) “Патрапіць поўнасьцю пад Расею – гэта значыць уваходзіць ва ўсе ваенныя канфлікты, бо Расея спрадвеку ваявала. Віцебская дывізія палегла ў Афганістане – яны ня ведалі, за што мы ваюем. Канфлікты ў Расеі будуць працягвацца. Таму варыянт аб’яднаньня для нас непрымальны цалкам”.

(Спадарыня: ) “Хочацца быць самастойнымі, незалежнымі, ня хочацца нікому ўжо кланяцца. Надакучыла гэтае начальства вялікае. Яно ўсё багацее, а мы па-ранейшаму застаемся пры сваіх інтарэсах”.

(Маладзён: ) “Беларусь павінная мець сваю Канстытуцыю, свой парлямэнт, свайго прэзыдэнта. А гэтая ідэя пра суб’ект Расейскай Фэдэрацыі мне вельмі не падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Кіраўніцтва ў Маскве я не хачу адназначна. У маім жыцьці было ўжо такое задавальненьне – працаваць і жыць пад Масквой, і гэта ня вельмі прыемна”.

(Спадарныя: ) “Беларусь павінная быць толькі незалежнай краінай. Гонар трэба мець, каб уваходзіць у склад Расеі”.

(Спадар: ) “Беларусь і самастойна можа дамагчыся заможнасьці й дабрабыту”.

(Спадар: ) “Калі Беларусь страціць статус сябра ААН, статус незалежнай, прызнанай у сьвеце краіны – гэта будзе вельмі непрыемна”.

(Спадар: ) “Расея – гэта вялікая дзірка. Яшчэ невядома, як яна сама зь яе выберацца. Толькі незалежнай дзяржавай Беларусь можа ўвайсьці ў цывілізаваны сьвет, а Лукашэнка цягне яе ў балота”.

XS
SM
MD
LG