Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАНДАЛЫ РАЗБУРАЮЦЬ СТАРАЖЫТНЫЯ КУРГАНЫ З ДАПАМОГАЙ ЭКСКАВАТАРАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Першым узьняў трывогу з нагоды вандалізму на старажытных курганах кіраўнік Лельчыцкай суполкі абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Мікалай Гаўрыленка. Ён падзяліўся ўражаньнямі ад наведваньня курганоў ва ўрочышчы Сельская Ніўка паблізу вёскі Мілашавічы:

(Гаўрыленка: ) “Адкрыўся вельмі жудасны малюнак. З дапамогаю экскаватара раскапаныя каля 12 могільнікаў. Усё разрыта. Дрэвы ляжаць, зямля. Дзейнічалі сапраўдныя барбары”.

Мікалай Гаўрыленка мяркуе, што вандалы шукалі старажытныя рэчы, магчыма, скарбы.

Пра раскопкі Мікалай Гаўрыленка паведаміў у райвыканкам і намесьніку раённага пракурора Аляксандру Коласу. Аднак зварот ня меў ніякіх наступстваў.

Аб тым, што ўлады не рэагавалі на барбарскія раскопкі, сьведчыць і такі факт: старшыня Мілашавіцкага сельскага савету Галіна Гаўрылавец пра раскопкі пачула сёньня ўпершыню ад вашага карэспандэнта. Яна паабяцала тэрмінова прыняць меры.

(Гаўрылавец: ) “Зараз участковага падключым. Паедзем, праверым. Будзем распытваць, хто гэта ўчыніў – прыежджыя ці свае? Будзем даведвацца!”

У Лельчыцкім раёне наўсьцяж ракі Ўбарць са старажытных часоў захавалася шмат курганоў. Ёсьць яны ў Дуброўскім, Глушкавіцкім, Маркоўскім ды іншых сельскіх саветах.

Апошні раз курганы дасьледаваліся навукоўцамі Інстытуту гісторыі і археалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук пры канцы 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Праўда, навуковыя раскопкі на мностве курганоў не вяліся.

Зараз на гэтую працу наагул няма сродкаў. Да таго ж пасьля Чарнобыльскай катастрофы раён патрапіў пад радыяцыйнае забруджваньне.

Відавочна, усё гэта і стрымлівае навуковыя дасьледаваньні. Не спыняюцца толькі мэханізаваныя вандалы.


XS
SM
MD
LG