Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПРЫЗНАЎ НЕЗАКОННАЙ АДМОВУ Ў РЭГІСТРАЦЫІ БАРАНАВІЦКАГА КЛЮБУ СПАЖЫЎЦОЎ І ПАДАТКАПЛАТНІКАЎ


Алесь Горбач, Берасьце – Баранавічы

Аб’яднаньне стварылася яшчэ летась у лістападзе, і больш як паўгоду спрабавала зарэгістравацца згодна з заканадаўствам, пакуль не атрымала ў чэрвені ад Берасьцейскага абласнога упраўленьня юстыцыі адмову.

Адмова Ўпраўленьня юстыцыі ня ўтрымлівала ў сабе аніякіх матываў, парушаючы тым самым заканадаўства. Гэта дало заснавальнікам аб’яднаньня падставы лічыць, што законных перашкодаў для рэгістрацыі не было, а створаныя яны штучна.

Паводле старшыні Баранавіцкага клюбу спажыўцоў і падаткаплатнікаў Вольгі Майсюк, яна разам са сваімі аднадумцамі была цалкам упэўненая ў тым, што вынік працэсу рэгістрацыі стаўся адмоўным менавіта таму, што Ўпраўленьне юстыцыі ставіла перад заснавальнікамі аб’яднаньня невыканальныя ўмовы: лісты з паведамленьнямі аб адтэрміноўцы былі нематываванымі і ня ўказвалі на канкрэтныя недахопы ў статутных дакумэнтах. Апроч таго, шэраг патрабаваньняў былі цалкам неправамоцнымі.

Менавіта на гэтыя абставіны ў працэсе судовага паседжаньня і ўказвалі прадстаўнікі Баранавіцкага клюбу спажыўцоў і падаткаплатнікаў. А прадстаўнік Ўпраўленьня юстыцыі ня змог гэтаму нешта супрацьпаставіць.

Суд цалкам задаволіў скаргу, адмяніўшы рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня “Баранавіцкі клюб спажыўцоў і падаткаплатнікаў” ды абавязаўшы Ўпраўленьне юстыцыі ўзнавіць працэс рэгістрацыі.

Судзьдзя Чэбушава абвесьціла таксама прыватнае вызначэньне ў адносінах да начальніка Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня юстыцыі Алега Краўцова з нагоды таго, што Ўпраўленьнем і яго чыноўнікамі ў працэсе рэгістрацыі аб’яднаньня быў парушаны шэраг нарматыўных праўных актаў.
XS
SM
MD
LG