Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЭРСПЭКТЫВА АДНАЎЛЕНЬНЯ ВЯШЧАНЬНЯ РАСЕЙСКІХ КАНАЛАЎ Ў ПОЎНЫМ АБ'ЁМЕ ЗАСТАЕЦЦА НЕАКРЭСЬЛЕНАЙ


Ігар Карней, Менск

Кіраўніцтва Беларускага радыётэлеперадавальнага цэнтру ня мае на гэты конт ніякіх распараджэньняў ад Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Такім чынам, спадзяваньне на тое, што пытаньне вырашыцца ў часе ўчорашняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, ня спраўдзілася.

Ад мінулага панядзелка істотна скарочанае вяшчаньне на Беларусь расейскіх тэлевізійных каналаў НТВ, РТР і "Культура". Ад 18-20 гадзінаў у беларускім эфіры засталося 10 гадзінаў на суткі ў РТР і "Культуры", і 12 — у НТВ.

Перадачы радыёканалаў "Маяк" і "Юность" ад панядзелка наогул былі спыненыя. Тады ж кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў у камэнтары для Радыё Свабода канстатаваў, што такім чынам расейскі бок пакараны за тое, што ня плаціць за карыстаньне мясцовай перадавальнай сыстэмай. Маўляў, расейскія даўгі дасягнулі такіх памераў, што маўчаць і спадзявацца на добрую волю Расеі стала ўжо няёмка.

Паколькі канфлікт разгарнуўся напярэдадні сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, аналітыкі прадказвалі, што гэтае пытаньне будзе разгледжанае на вышэйшым узроўні. Але гэтага не адбылося. Прынамсі, галоўны інжынэр радыётэлеперадавальнага цэнтру Валеры Шышло сьцьвярджае, што ніякіх новых распараджэньняў ягонае ведамства ні ўчора, ні сёньня не атрымлівала.

(Шышло: ) "Камандуе парадам тэлерадыёкампанія. Мы падначаленыя ў іх на тракце, выконваем іхныя загады. Яны, папросту кажучы, замаўляюць музыку. Я магу толькі канстатаваць: у нас ёсьць сетка, якая працуе на тых ці іншых частотах. Усё астатняе — палітыка, бо маса людзей "вызначае", "вырашае", і за гэта атрымлівае грошы. Хтосьці, пэўна, вывучае меркаваньне народу, аналізуе попыт. Але ніхто нікога не абмяжоўвае. Хочаце прымаць Амэрыку — купіце "талерку" і прымайце тысячы праграмаў: кітайскіх, японскіх, індыйскіх, якіх заўгодна. А бясплатна вы самі ведаеце, што бывае..."

Практычна ўсе расейскія каналы вестку пра абмежаваньне выхаду ў беларускі эфір прынялі са зьдзіўленьнем. Пры гэтым плаціць ніхто не адмаўляецца, але, прыкладам, старшыня радыёкампаніі "Маяк" Ірына Герасімава сьцьвярджае, што цягам апошніх гадоў беларускі бок гэтага і не патрабаваў.

Да таго ж, на думку расейскіх прадстаўнікоў, цана за перадачы беларускім бокам моцна завышаная. Патрабаваньне Белдзяржтэлерадыёкампаніі — 70 даляраў у эквіваленце за гадзіну эфіру. Паводле расейскіх стандартаў, верхняя мяжа не павінна перавышаць 40 даляраў. Таму, каб плаціць паводле беларускіх расцэнак, сума выдаткаў мае быць закладзеная ў гадавы бюджэт. У цяперашніх умовах правесьці тэрміновыя разьлікі нерэальна.

Між іншым, Валерый Шышло ўзгадвае, што спробы вырашыць праблему рабіліся і раней. Але тады прыходзілі да высновы, што трансьляцыя праграмаў з братняй краіны мае гуманітарную місію і грошы тут — пытаньне другаснае. Працягвае спадар Шышло:

(Шышло: ) "Неаднаразова разглядаліся два нулявыя варыянты — хто каму і колькі вінен. Але заблытаныя яны настолькі, што паводле аднаго расейцы нам павінныя, паводле другога — не. Перакосы абсалютна незразумелыя. Адсюль і супярэчлівая інфармацыя: то аднаўляецца вяшчаньне, то згортваецца. Але штучна абмежаваньняў ніхто не рабіў, папросту складваецца такая сытуацыя. Вяшчаньне радыёстанцыяў, прыкладам, адноўленае. А калі распачнецца вяшчальная праграма тэлевізійная — гэта справа выключна Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі".

Сёньня дарадца Лукашэнкі Іван Карэнда канстатаваў, што праблемы на тэлівізійным фронце — фінансавыя, тэхнічныя — былі, ёсьць і блізкім часам застануцца. Колькі гэткае будзе цягнуцца — чыноўнік не акрэсьліў.

XS
SM
MD
LG