Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРАМАТЫЧНАЯ ПАВОДКА Ў ЭЎРОПЕ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) “Дамiнуючы гук мiнулай начы – гэта выцьцё сірэнаў палiцыi, пажарнiкаў, хуткай дапамогi. Адбывалася эвакуацыя жыхароў цэнтральных раёнаў Прагi – Старога гораду, Галяшовiцаў, Сьмiхава. Ратаўнiкам дапамагалi каля 15 тысячаў дабраахвотнiкаў. Людзей эвакуююць у школы, шпiталi, гатэлi. Працуюць лекары-псыхолягi, якiя дапамагаюць людзям, што перажываюць шок. Аб’ём вады ў Влтаве ўвесь час павялiчваецца – ён стаў болей як у 40 разоў большым за норму. Узровень падняўся амаль на 8 мэтраў. І мэтэаролягi цьвердзяць, што гэта яшчэ ня пiк. У шэрагу раёнаў гораду няма электрычнасьцi. Паведамляецца, што затопленыя сем станцыяў мэтро. Скарочаныя маршруты наземнага транспарту. Але панiкi цi значных выпадкаў марадзёрства няма. Маё ўражаньне – горад сканцэнтраваўся на агульнай бядзе. Дарэчы, другi дзень у грамадзкiм транспарце не трэба плацiць”.

(Вядучы: ) “Прага – старажытны горад з унiкальнымi архiтэктурнымi забудовамi, якiя ня маюць кошту. Наколькi сур’ёзная пагроза навiсла над гiстарычнай, турыстычнай Прагай?”

(Ракіцкі: ) “Той, хто бываў у Празе, напэўна ж, запомнiў будынак Нацыянальнага Тэатру. Вада запаўняе ягоныя сутарэньнi. Пад вадой апынуўся будынак Лiхтэнштэйнскага Палацу – цяпер рэзыдэнцыi ўраду Чэхii. Затоплены першы паверх Музэю Сьметаны. Рака Влтава амаль цалкам затапiла статую самога кампазытара Сьметаны, якi прысьвяцiў ёй, Влтаве, выдатную сымфанiчную паэму. Пад пагрозай iншыя каштоўныя будынкi i манумэнты Старога гораду, уключна з помнiкам Яну Гусу на Старамесцкай плошчы.

(Вядучы: ) “Паводка ў Чэхii пачалася з паўдзённых раёнаў. Якая цяпер там сытуацыя?”

(Ракіцкі: ) “Водны ўзровень Влтавы там паступова зьнiжаецца. Зьнiкае пагроза ў Чэскiх Будэйёвiцах i старажытным горадзе Чэскi Крумлаў. Але сёньня распачалася эвакуацыя ў iншых гарадох – Вэсэлi, Табор, Кралупы, Мелнiк, Тэрэзiн i iншых”.

(Вядучы: ) “А што адбываецца ў суседнiх з Чэхiяй краiнах?”

(Ракіцкі: ) “Асаблiва крытычная сытуацыя ў нямецкiх землях Саксонiя, Баварыя, Бадэн-Вюртэнбэрг. У Саксонii 6 чалавек загiнулi, каля 100 параненыя. Разбураныя дамы ў прадмесьцях Дрэздэна. Разьюшаная рака Эльба пагражае гарадам Дэсаў i Бiтэрфэльд. Там тэрмiнова эвакуююць жыхароў. У Баварыi пакрысе вада спадае. Паляпшаецца сытуацыя ў Аўстрыi, дзе сёлетняя паводка называецца самай драматычнай за апошняе стагодзьдзе. Аднак, узровень вады ў Дунаi па-ранейшаму высокi. Прыкладам, у цясьнiне Вахаў ён на 11 мэтраў вышэйшы за норму. Каля 8 тысячаў жаўнераў, а таксама шматлiкiя пажарнiкi пачалi наводзiць парадак у пацярпелых гарадох. Вялiкiя страты панес гiстарычны горад Зальцбург. Толькi на тэрмiновую дапамогу пацярпелым населеным пунктам у Аўстрыi патрабуецца 300 мiльёнаў эўра. Агульныя страты ў гэтай краiне папярэдне ацэньваюцца ў 3 мiльярды эўра. Пагроза выхаду Дунаю зь берагоў навiсла над сталiцай Славаччыны – Братыславай. Чакаецца, што да заўтрашняй ранiцы ўзровень вады там падымецца на 9 мэтраў вышэй за норму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG