Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНЫЯ РОДЫ -- ШМАТ ПРАБЛЕМАЎ


Алена Панкратава, Прага

21-гадовая жыхарка Менску Тацьцяна прыехала ў Нямеччыну бяз сродкаў на існаваньне. Сямья Фосэрбрэкераў, якая запрасіла да сябе ў госьці маладую жанчыну, у сваіх прыватных запросінах натарыяльна пацьвердзіла, што ўсе выдаткі на ўтрыманьне госьці бярэ на сябе. Акрамя аплаты дарогі ды візы само сабой меркавалася поўнае ўтрыманьне госьці за ўласны кошт. Віза госьці заканчваецца ў гэтую пятніцу, зваротны квіток набыты на чацьвер, аднак дадому маладая беларуска, хутчэй за ўсё, паедзе ня так хутка. У лепшым выпадку –праз месяц-другі. Увесь гэты час яе мусіць фінансава забясьпечваць сям’я Фосэрбрэкераў, прычым разам зь ейным, днямі народжаным тут у Нямеччыне, дзіцём.

Справа ў тым, што ў Кёльн жыхарка Менску прыехала на апошнім тэрміне цяжарнасьці. Што для сям’і Фосэрбрэкераў стала поўнай нечаканасьцю.

“Калі б Тацьцяна паведаміла нам пра гэта хоць у адным са сваіх лістоў, – кажа Ангеліка Фосэрбрэкер, – я б сказала ёй: калі ласка, адкладзі сваю паездку на потым.”

Сям’я Фосэрбрэкераў пазнаёмілася з Тацьцянай дзесяць гадоў таму, калі дзяўчынка ў складзе групы “Дзецям Чарнобылю” ўпершыню прыехала ў Нямеччыну. Потым немцы яшчэ двойчы запрашалі дзяўчынку да сябе ў госьці прыватна. Сям’я часта ўзгадвала сваю любіміцу зь Беларусі, неаднойчы дасылала ёй дадому пакеты з харчаваньнем, адзеньнем. Час ад часу ад дзяўчынкі прыходзілі лісты: дома цяжка, няма чаго есьці, няма за што жыць і гэтак далей. У выніку Фосэрбрэкеры вырашылі запрасіць Тацьцяну ў госьці зноў.

Адно з першых пытаньняў, якое задала Тацьцяне Ангеліка ў часе сустрэчы на вакзале: на які час намечаныя роды. “Дзесьці месяцы праз два”, – супакоіла яе госьця. Аднак падзеі на самрэч разьвіваліся значна хутчэй. Літаральна празь некалькі дзён у жанчыны нарадзілася здаровая дзяўчынка. “Гэта зусім не датэрміновыя роды”, – дыягнаставалі лекары шпіталю Сант-Ёзэф каля Бону.

Паводле аўтара артыкулу, выдаткі, якія панясе за ўтрыманьне госьці сям’я Фосэрбрэкэраў, могуць дасягнуць некалькіх тысячаў эўра. Роды Тацьцяны ня згодная аплочваць ніводная мэдычная каса. Страхоўка на няшчасны выпадак, якую аплаціла для Тацьцяны нямецкая сям’я, тут ніяк не падыходзіць. Акрамя таго, сям’я павінна плаціць немалыя грошы за штодзённыя тэлефанаваньні ў Менск, каб мясцовыя ўлады даслалі ў Нямеччыну неабходныя даведкі. Для размоваў зь Беларусьсю Ангеліка Фосэрбрэкер наняла адмысловую перакладчыцу. Для дзіцяці прыйшлося купіць каляску, адзеньне.

“Цяпер нам застаецца толькі чакаць, калі дачка Тацьцяны атрымае пашпарт”, – гавораць немцы. Бязь яго госьці ня могуць пакінуць Нямеччыну. Аднак для таго, каб дзіця атрымала пашпарт, патрэбнае пасьведчаньне пра народжаньне. Яго ў шпіталі выдаць ня могуць, бо ня маюць адпаведнай мэтрыкі маці. Сама Тацьцяна ня ведае, дзе менавіта знаходзіцца гэты дакумэнт. Магчыма, дзесьці ў роднай вёсцы Петухоўка, дзе жыве яе бабуля. Фосэрбрэкеры зьвязаліся па тэлефоне з бабуляй, і тая паабяцала адшукаць гэтую мэтрыку. Такім чынам, ад’езд менскіх гасьцей назад у Беларусь адкладаецца на няпэўны час. “Мне вельмі складана зараз кантактаваць з Тацьцянай, – кажа Ангеліка Фосэбрэкер, – яна ў чымсьці ашукала нас. Аднак я вельмі спачуваю ёй і яе дачцэ.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG