Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЭРАЛЬДЫЧНУЮ РАДУ ЎЗНАЧАЛІЎ АФІЦЭР КГБ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, рада створаная дзеля правядзеньня адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне гэральдыкі. Цяпер улады любога гораду ці мястэчка, дзяржаўная ўстанова, палітычная партыя ці грамадзкая арганізацыя, якая хоча зарэгістраваць сваю сымболіку, павінна зьвярнуцца з адпаведнай просьбай у гэтую ўстанову.

Сябры рады правядуць спэцыяльную экспэртызу і толькі пасьля дадуць заключэньне – можна рэгістраваць сымболіку ці не. Указ Лукашэнкі дазваляе сябрам Геральдычнай рады самім вырашаць, ці мэтазгодна рэгістраваць той ці йншы сымбаль.

Праўда, сымболіка, зарэгістраваная да зьяўленьня ўказу Лукашэнкі, праходзіць экспэртызу ня будзе.

Цікавы й склад гэральдычнай рады. Яе ўзначальвае першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Станіслаў Князеў, ягоным намесьнікам прызначаны старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскі. У раду таксама ўвайшоў намесьнік міністра абароны Ўладзімер Усхопчык. Праўда, ёсьць у радзе й сапраўдныя спэцыялісты з камітэту па архівах, а таксама вядомыя навукоўцы-гісторыкі Павал Лойка, Ігар Чарняўскі, Юры Бохан ды іншыя.

Аднак у раду не ўвайшлі многія навукоўцы, якія даўно й прафэсійна займаюцца гэральдыкай.

Гэральдычны орган ствараецца ў Беларусі не ўпершыню. У пачатку 1990-х гадоў у Вярхоўным Савеце існавала гэральдычная камісія, якую ўзначальваў гісторык Алег Трусаў (ягоным намесьнікам у той камісіі быў цяперашні генпракурор Віктар Шэйман). Сябры гэтай камісіі зацьвердзілі нямала сымбаляў, якімі й цяпер карыстаюцца розныя арганізацыі й установы.

Алег Трусаў так пракамэнтаваў указ пра стварэньне Гэральдычнай рады:

(Трусаў: ) "Добра, што яе аднавілі. Бо ў незалежнай дзяржаве такая структура павінна быць абавязкова. Што тычыцца дэталяў, то дэталі могуць быць самыя розныя. Тым больш, што ўсё залежыць ня толькі ад гэтай рады, але й ад ініцыятараў, якія будуць у камісію зьвяртацца.

Але ў раду ўвайшло некалькі прафэсійных гісторыкаў, таму будзем спадзявацца на іх сумленьне. Перад імі зараз вялікая адказнасьць. Альбо яны будуць працаваць сумленна, альбо яны павінны выйсьці з гэтай камісіі, заявіўшы пратэст, калі будуць парушацца асновы гэральдычнай навукі".

А пагроза парушэньня гэральдычнай навукі ў Беларусі йснуе. Так, нядаўна ўлады Магілёва адмовіліся зацьвярджаць гарадзкі герб часоў Магдэбургскага права толькі таму, што на ім намаляваная "Пагоня". Падобныя выпадкі былі й у іншых беларускіх гарадах.

На думку Алега Трусава, у гэтай справе важная пазыцыя мясцовых уладаў. Так, зусім нядаўна ўлады Міра зацьвердзілі цалкам прыстойны герб мястэчка, у якім выкарыстаныя элемэнты гэральдыкі былых уладальнікаў замку – Радзівілаў і Ільлінічаў.

Многія магдэбургскія гербы гарадоў ужо зарэгістраваныя ў Камітэце па архівах, але ёсьць яшчэ вельмі шмат незарэгістраваных. Нават самі супрацоўнікі Дзяржкамітэту па архівах і справаводзтву сумняюцца, што гэтая сымболіка з выявамі "Пагоні" трапіць цяпер у дзяржаўны рэгістар. Гаворыць адзін з распрацоўшчыкам эталёнаў гербу "Пагоня" й бел-чырвона-белага сьцяга мастак Мікола Купава:

(Купава: ) "Усё відавочна. Гэтыя белыя ніткі тырчаць, і зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Рада створаная дзеля таго, каб у грамадзкіх арганізацыях, палітычных партыях не паўставалі сымбалі, якія будуць супярэчыць сёньняшняй палітычнай эліце, напрамку думак і г.д."

Прафэсіяналаў зьдзіўляе й тое, што Гэральдычную раду ўзначаліў не акадэмік й ня доктар гістарычных навук, а высокі афіцэр КГБ Станіслаў Князеў. На думку Алега Трусава, такое прызначэньне ёсьць прыкметай таталітарнасьці палітычнага ладу, што йснуе ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG