Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЗБАНКРУТАВАЎ ГОМЕЛЬСКІ СУДНАБУДАЎНІЧЫ ЗАВОД?


Казімер Яноўскі, Гомель

З ранейшай сотні рабочых у мэханічным цэху суднабудаўнічага заводу зараз працуе толькі шасьцёра. Большасьць людзей звольніліся, астатнія – у вымушаным адпачынку.

Што асабліва клапоціць тых, хто яшчэ прыходзіць на працу? Распавядае фрэзіроўшчык Уладзімер Волкаў:

(Волкаў: ) “Атрымаць бы заробак! За чэрвень ці за ліпень. Есьці няма чаго. На працу пяшком хаджу. Ад тралейбуснага парку да суднарамонтнага. Гадзіна – сюды, гадзіна – назад. У сталоўку ня пойдзеш. Калі сходзіш, вылічаць. А вылічаць – наагул нічога не атрымаеш. З дому ўзяць таксама няма чаго. Жыву на матчыну пэнсію, якую затрымліваюць. Здаралася так, што нават хлебу не было за што купіць. Такія вось думкі”.

Наконт банкруцтва заводу ў рабочых самыя розныя меркаваньні. Слова Георгію Пракапцову:

(Пракапцоў: ) “Усё ад таго, што мы не будуем караблі. Раней у нас профіль быў – будаваць караблі. Катэры, цеплаходы “Палесьсе” на падводных крылах будавалі. Цяпер робім “шырпатрэб”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, хто вінаваты, што прадпрыемства ў такім стане?”

(Пракапцоў: ) “Я думаю, міністэрства вінавата. Хто ж вінаваты?”

Давялося чуць і іншыя думкі:

(Рабочы: ) “Заказаў няма добрых!”

(Іншы рабочы: ) “Часткова, магчыма, мясцовае начальства недапрацавала”.

Галоўны інжынэр заводу Ўладзімер Драхлоў перакананы, што банкруцтва прадпрыемства закладзенае яшчэ ў 1997 годзе. Тады паводле дзяржаўнага заказу прадпрыемства пачало будаваць грузавую прыстаўку і першы цеплаход клясы “рака-мора” з назваю “Надзея”. Аднак фінансаваньне міністэрствам транспарту вялося нераўнамерна. Будаўніцтва зацягнулася на 4 з паловай гады. Падаткі не выплочваліся.

(Драхлоў: ) “Гэты ланцуг падатковых неплацяжоў і прывёў да таго, што за наяўную прадукцыю мы ня можам цяпер разьлічыцца з даўгамі. Таму падатковая інспэкцыя выступіла ініцыятарам працэдуры банкруцтва”.

Сярод іншых прычынаў ён называе частую зьмену кіраўнікоў – тры за тры апошнія гады, а яшчэ – слабую зацікаўленасьць дзяржавы ў разьвіцьці флёту.
XS
SM
MD
LG