Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСКОЎСКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ РАСПАЧАЎСЯ НОВЫ СУДОВЫ ПРАЦЭС У CПРАВЕ ТРАГЕДЫІ НА НЯМІЗЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Судовы пазоў да Менгарвыканкаму, камэрцыйнай кампаніі “Кляс-Клюб”, заводу “Аліварыя”, радыё “Мір”, гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў і двух міліцэйскіх чыноўнікаў выставілі Ганна Саладкевіч, Ганна Саўко й Сьвятлана Карпека — маці загінулых Сяргея, Насты й Жаны, якім было ад 17 да 19 гадоў. Жанчыны заяўляюць, што ў выніку судовага працэсу яны чакаюць ня толькі грашовых выплатаў за іхныя маральныя пакуты, але перадусім прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у сьмерці іх дзяцей. Гаворыць Сьвятлана Карпека:

(Карпека: ) "Калі ёсьць загінулыя, дык ёсьць і вінаватыя, а ў нас так павярнулі, што вінаватых няма. Але дзеці ж загінулі, і ніхто нам іх цяпер ня верне".

Усе тры пазовы разглядаюцца на адным паседжаньні, паколькі маюць аднолькавыя патрабаваньні да адных і тых жа адказчыкаў. Такім чынам, сёньняшнія судовыя слуханьні ідэнтычныя тым, якія нядаўна завершыліся ў гэтым жа судзе.

Нагадаю, што судзьдзя Вольга Гусакова адмовілася задаволіць аналягічныя патрабаваньні Ніны Іньковай, Натальлі Навакоўскай і Вольгі Янцовай, чые дзеці сталіся ахвярамі няміскай трагедыі. Гэтак жа, як і ў папярэднім судзе, тыя ж самыя адказчыкі сваёй вінаватасьці і цяпер не прызнаюць ды працягваюць сьцьвярджаць, што ў масавай гібелі людзей вінаватае надвор'е. Аднак бацькі не намерваюцца саступаць, калі іх патрабаваньні таксама застануцца незадаволенымі.

Гаворыць Ганна Саўко:

(Саўко: ) "Калі тут ня пойдзе, то будзем зьвяртацца вышэй, вышэй і вышэй. Мы хочам справядлівасьці, каб за гэтую бяду панесьлі адказнасьць".

Судзьдзя Шастакоў, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні, прадоўжыць слуханьні ў наступныя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG