Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН ПРАПАНАВАЎ БЕЛАРУСІ СТАЦЬ ТАТАРСТАНАМ


Алесь Грыневіч, Менск

Напярэдадні свайго візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што беларускае кіраўніцтва гатовае пайсьці ў справе інтэграцыі настолькі далёка, наколькі да гэтага гатовая Расея. На сёньняшніх перамовах расейскі прэзыдэнт Ўладзімер Пуцін зрабіў прапанову, якая раней ужо агучвалася некаторымі расейскімі палітыкамі – фактычнае ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Паводле Пуціна, гэта быў бы аптымальны варыянт інтэграцыі.

Прэзыдэнт Расеі прапануе ў траўні наступнага году правесьці рэфэрэндум аб аб'яднаньні, увосень правесьці выбары адзінага парлямэнту, а ўвесну 2004 году – выбары прэзыдэнта новай дзяржавы з Канстытуцыяй на аснове расейскай.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька натупным чынам пракамэнтаваў заяву Пуціна:

(Лябедзька: ) "Гэта зьяўляецца палітычным ультыматумам для Лукашэнкі. Фактычна Аляксандра Рыгоравіча Крэмль загнаў у кут. Масква прапанавала Лукашэнку стаць Шайміевым, а Беларусі – Татарстанам".

Анатоль Лябедзька лічыць, што Аляксандар Лукашэнка будзе сабатаваць аб'яднаўчы рэфэрэндум, бо не захоча губляць бескантрольную ўладу ў Беларусі. А вось лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч кажа, што ў цяперашняга кіраўніка дзяржавы не застанецца іншага выйсьця, як пагадзіцца на рэфэрэндум.

(Шушкевіч: ) "Я кажу Вам, што ён будзе скакаць зараз і гаварыць, што ён ніколі ня пойдзе на гэта, на страту сувэрэннасьці, але пасьля будзе гэты рэфэрэндум праводзіць".

Станіслаў Шушкевіч лічыць сёньняшнюю прапанову Пуціна сур'ёзнай пагрозай беларускай незалежнасьці. Ён кажа, што расейскі прэзыдэнт фактычна прапанаваў Лукашэнку ўжыць для рэфэрэндуму адпрацаваную працэдуру фальсыфікацыі.

(Шушкевіч: ) "Прапануецца той варыянт, які быў падчас гітлераўскага рэфэрэндуму, падчас аншлюсу Аўстрыі. Можна атрымаць любы варыянт пры стоадсоткавых мас-мэдыях і гэтак далей".

А вось прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч заявіла нашаму радыё, што сёньняшнія словы Пуціна проста няправільна зразумелі:

(Пяткевіч: ) "Пуцін сёньня такой заявы не рабіў. Пуцін выклаў тры мадэлі пабудовы будучай саюзнай дзяржавы. Пытаньне аб тым, якой мадэлі аддаецца перавага, не стаяла. На прэсавай канфэрэнцыі ён проста пералічыў тры мадэлі і ўсё".
XS
SM
MD
LG