Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК СТВАРАЕ “КЛЮБ АДРЫНУТЫХ КРАІНАЎ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле польскіх дасьледчыкаў, актыўныя кантакты афіцыйнага Менску з Кітаем, Індыяй а таксама Іранам, Іракам і Лібіяй маюць вялікае значэньне для слабой беларускай эканомікі. Вядучыя заходнія фірмы ня хочуць інвэставаць у нестабільныя эканамічныя і палітычныя сыстэмы большасьці гэтых краінаў ды мець зь імі шырокія гандлёвыя сувязі, таму нават недастаткова якасныя і несучасныя беларускія тавары, ня маючы канкурэнцыі, добра прадаюцца на азіяцкіх і афрыканскіх рынках.

Аднак, акрамя эканамічных выгодаў, кантакты з краінамі, у якіх парушаюцца правы чалавека, а таксама зь ізаляванымі на міжнароднай арэне так званымі “бандыцкімі” краінамі, маюць для Беларусі вялізнае палітычнае значэньне. Такім чынам, ізаляваны праз Захад беларускі рэжым намагаецца паказаць, што мае добрыя пазыцыі на міжнароднай арэне.

“Разьвіваючы супрацоўніцтва з гэткімі партнэрамі, Беларусь разам зь імі пачала ствараць “клюб адрынутых дзяржаваў”, – гаворыцца ў аналітычным матэрыяле Цэнтру Ўсходніх дасьледваньняў.

Паводле аўтараў, галоўным замежным партнэрам Беларусі пасьля Расеі зьяўляецца Кітай, улады якога напярэдадні леташніх выбараў далі афіцыйнаму Менску беззваротную пазыку ў памеры 600 тысячаў даляраў. Са свайго боку беларускае кіраўніцтва ўсяляк падтрымлівае кітайскую замежную палітыку. Напрыклад, Пэкінскую ідэю шматпалярнай геапалітычнай будовы сьвету і суперніцтва ў гэтай справе са Злучанымі Штатамі альбо супраціў пабудове амэрыканскага супрацьракетнага парасону. Беларусь таксама не прызнае абвінавачаньняў на адрас Пэкінў у парушэньнях правоў чалавека, як, зрэшты, і Кітай адкідае такія абвінавачаньні на адрас Менску.

Антыамэрыканскія настроі зьяўляюцца супольным чыньнікам, на якім будуецца і супрацоўніцтва Беларусі зь Іранам, Іракам і Лібіяй. Акрамя гандлю, важным чыньнікам кантактаў з гэтымі краінамі ёсьць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. З кожнай з вышэй адзначаных дзяржаваў Беларусь падпісала адпаведнае пагадненьне і прадае краінам гэтага рэгіёну значную колькасьць прадукцыі сваіх прадпрыемстваў абароннай прамысловасьці.

“Такім чынам – падсумоўваюць аўтары дасьледваньня – азіяцка-афрыканскі накірунак ў замежнай палітыцы Беларусі, які адыгрывае значна большую ролю, чым разьвіцьцё стасункаў з Захадам, а таксама палітыка самаізаляцыі, якую абраў рэжым Лукашэнкі, маюць на мэце пазбаўленьне ад неабходнасьці шанаваньня агульнапрынятых прынцыпаў павагі да правоў чалавека, што дазваляе беларускаму кіраўніку захоўваць недэмакратычную сыстэму ўлады. Падтрыманьне стасункаў зь дзяржавамі, якія таксама апынуліся ў ізаляцыі з-за парушэньняў правоў чалавека, дае магчымасьць уладам Беларусі ў пэўнай ступені прысутнічаць на міжнароднай арэне, а таксама дазваляе ігнараваць крытыку краінаў Заходняй Эўропы і ЗША”.

Экспэрты Варшаўскага Цэнтру Ўсходніх дасьледваньняў прааналізавалі таксама і апошнія праблемы ў беларуска-расейскіх стасунках. Паводле іхнага меркаваньня, гэтыя праблемы зьвязаныя з тым, што ў цяперашняй геапалітычнай сытуацыі Расея ня хоча дэманстраваць сваю прыхільнасьць да абвінавачанага праз Захад у парушэньнях правоў чалавека Лукашэнкі, а таксама занадта ўзмацняць ягоную ўладу.

Адначасова наўрад ці можна спадзявацца на тое, што Масква будзе ўжываць мэханізмы палітычнага ўціску на беларускае кіраўніцтва. Гэта магчымае толькі ў выпадку, калі Беларусь трэба будзе змусіць да саступак у спрэчных эканамічных пытаньнях. А цяпер менавіта эканоміка, а дакладней – набліжэньне беларускай эканомікі да расейскіх стандартаў, паводле польскіх экспэртаў, будзе галоўным чыньнікам адносінаў паміж Менскам і Масквой.
XS
SM
MD
LG