Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД ПРЫРОДНЫХ КАТАКЛІЗМАЎ МОЦНА ЦЕРПЯЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ТУРФІРМЫ І ГРУЗАПЕРАВОЗЧЫКІ


Ігар Карней, Менск

Сярод пацярпелых ад прыроднай стыхіі беларусаў няма. Але ў шэрагу эўрапейскіх рэгіёнаў, якія спрадвек лічацца турыстычнымі цэнтрамі, небясьпека для жыцьця людзей па-ранейшаму захоўваецца. Пакуль рэальныя страты ад паводкаў ды сыходаў селевых лавінаў падлічваюць турыстычныя фірмы ды міжнародныя перавозчыкі. Вось што распавёў адзін з супрацоўнікаў турыстычнай фірмы "АлатанТур".

(Супрацоўнік турфірмы: ) "Сытуацыя для нас напружаная. Абрываюць тэлефоны сваякі, тыя, хто зьбіраюцца ехаць, заявы на адмовы пішуць, продаж пуцёвак запаволіўся... Нас гэта, натуральна, нэрвуе. Ну, а як інакш? Калі паглядзіш рэрартажы па ОРТ, то жаданьне падарожнічаць, натуральна, адпадае. Хоць часта ўсё перабольшваецца. Прыкладам, паказалі, што на пляжах Барсэлёны сьнег выпаў. У нас там адпачываюць людзі, тэлефануем свайму прадстаўніку: што за сытуацыя? Кажа, нічога ня чула, толькі што купался, загарала... Таму каб ратаваліся натоўпы — няма такога".

Прагнозы мэтэаролягаў па-ранейшаму несуцяшальныя: ужо ніхто не дае гарантыяў сонечнага неба, тым больш напярэдадні блізкай восені. Да таго ж, вялізныя сродкі спатрэбяцца хуткім часам на аднаўленьне разбураных будынкаў, мастоў, а гэта пацягне абавязковае падвышэньне коштаў у часе наступных турыстычных сэзонаў. Мой суразмоўца працягвае:

(Супрацоўнік турфірмы: ) "Натуральна, мы за ўсім сочым. Цяпер кожную нядзелю ад'яжджаюць групы ў Чэхію. Людзі загадзя тэлефануюць: ці будзе рэйс 18 жніўня. Адказваем: пачакайце, як будуць разгортвацца падзеі. Калі ў такім жа рэчышчы, 18-га аддадзім грошы. Але катастрофы ніякай няма, хоць выпадкаў адмоваў шмат. Галоўнае, няма надзвычайных здарэньняў. Ёсьць сувязь з усімі гідамі ў Чэхіі, Гішпаніі, Нямеччыне, панікі нідзе няма, панічных телефанаваньняў таксама. Таму нагоды для абмеркаваньня, дзякуй Богу, таксама няма".

Разам з турыстычнымі фірмамі пакутуюць і грузаперавозчыкі. Адзін з кіраўнікоў такой фірмы паведаміў, што ў Аўстрыі заблякаваныя тры ягоныя фуры, якія вязуць у Беларусь з Гішпаніі цытрусавыя. Кожны дзень прастою пагражае тым, што ўвесь груз папросту згніе. Страты толькі ад адной машыны — дзясяткі тысяч даляраў. І ў падобнай блякадзе апынуліся сотні прыватных ды дзяржаўных вялікагрузных аўтацягнікоў.

Затое традыцыйна халоднае балтыйскае пабярэжжа стала нечакана цёплай альтэрнатывай для тых, хто не адважыўся падарожнічаць на ўласныя страх і рызыку. Пакуль на Захадзе падлічваюць страты, на бліжэйшым да Беларусі марскім узьбярэжжы, літоўскай Паланзе, паводле гаспадароў турыстычных комплексаў, даходы толькі ад беларусаў гэтым летам перавысяць два мільёны даляраў. Гаспадар аднаго з прыватных гатэляў спадар Рычардас не хавае задавальненьня ад удалага сэзону:

(Рычардас: ) "Вельмі шмат турыстаў зь Беларусі. Дый наогул асноўны замежны паток — гэта беларусы. Падставы? Раней у Паланзе не дазвалялі нічога будаваць. Нават на нейкую прыбудову патрэбны быў адмысловы дазвол зь Вільнюсу. Пабудаваць новы дом мог хіба толькі міністар. Цяпер будуюць вельмі актыўна. Таму едуць увесь год. Людзей ля мора зімой бывае часам як летам. Многія багатыя людзі з той жа Расеі, Беларусі купляюць тут дамы. Афіцыйна гэта не дазваляецца, але неафіцыйна набываюць. Многа кліентаў, якія пастаянна прыяжджаюць зь Менску. Прынамсі, на ўмовы ня скардзяцца".

Між іншым, ужо на наступны тыдзень прагноз надвор'я на Скандынавію несуцяшальны. Натуральна, што паводле геаграфічнай блізкасьці, цыклён так ці інакш "зачэпіць" і краіны Балтыі. Пакуль жа настрой у вулічных музыкаў, якія цешаць шматлікую публіку ў Паланзе, дый у саміх турыстаў, звышаптымістычны.
XS
SM
MD
LG