Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАЯ ФІЛІЯ АГП ПРАПАНУЕ ЗРАБІЦЬ 22 ЧЭРВЕНЯ ДНЁМ СМУТКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Акцыя Віцебскай філіі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі праходзіла ад 5-й да 6-й вечара на добра вядомым усім віцяблянам месцы галоўных гарадзкіх палітычных падзеяў – каля славутага “Сіняга дому”.

Пяцёра сябраў АГП раздавалі мінакам агітацыйныя ўлёткі, дзе прадэкляраваныя мэты ды задачы партыі, а старшыня гарадзкое арганізацыі Алена Залеская распавядала ахвотным пра ўласна віцебскія акцыі, якія адбыліся тут апошнім часам.

Як высьветлілася, шмат хто з віцяблянаў ужо добра ведае сяброў АГП—перадусім у якасьці ўдзельнікаў несанкцыянаваных пікетаў пад лёзунгам “Так жыць нельга!”. Апошні з такіх пікетаў адбыўся 3 тыдні таму ды скончыўся затрыманьнем 8-мі чалавек, якія цяпер чакаюць выкліку ў суд… Добра вядомыя ў віцебскім асяродку таксама й акцыі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі пад назовам “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысьвечаныя зьніклым беларускім грамадзянам або тым людзям, што падпалі пад перасьлед…

Сёньня сябры АГП зьвярнуліся да землякоў з новай ініцыятывай: віцяблянам было прапанавана паставіць свой подпіс пад лістом да беларускага ўраду, дзе выказваецца пажаданьне зрабіць 22-е чэрвеня – дзень пачатку Другой Сусьветнай вайны – днём смутку для ўсіх беларусаў, а ня толькі адзначаць дзень вызваленьня Беларусі 3-га ліпеня, укладаючы ў гэтае сьвяткаваньне зусім ня лішнія дзяржаўныя грошы. Падпісаліся за гэта некалькі дзесяткаў віцяблянаў… Нават віцебскія міліцыянты праявілі пэўную карэктнасьць ды ня сталі перашкаджаць ні зьбіраньню подпісаў, ні ўвогуле сёньняшняй акцыі – настолькі актыўна гараджане зносіліся з сябрамі АГП, абмяркоўваючы супольныя праблемы.

Дарэчы, апрэч подпісаў, філія АГП у Віцебску абвясьціла сёньня яшчэ й збор сродкаў на выданьне бюлетэня “Грамадзянін” дзеля жыхароў горада, якія сёньня ўжо й ахвяравалі на гэта каля 20-ці тысячаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG