Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НАДЗЕЮ" СПРАБУЮЦЬ РАЗБУРЫЦЬ, — КАЖА СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ


Алесь Грыневіч, Менск

Рада жаночай партыі "Надзея" зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі са скаргай на Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларускую і на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). Старшыня "Надзеі" Валянціна Палевікова заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што прадстаўнікі гэтых дзьвюх арганізацыяў аказвалі ціск на актывістаў ейнай партыі. Старшыняў пярвічак "Надзеі" нібыта вымушалі падпісваць фіктыўныя пратаколы паседжаньняў з патрабаваньнем пазачарговага зьезду партыі 17 жніўня.

Валянціна Палевікова кажа, што гэты пазачарговы зьезд склікаецца бязь ейнага ведама і з парушэньнямі статуту "Надзеі". Яна зьвязвае гэта з аб'яднаўчым зьездам шэрагу сацыял-дэмакратычных сілаў Беларусі, заплянаваным на 24 жніўня. На думку Палевіковай, Фэдэрацыя прафсаюзаў, пасьля таго як яе ўзначаліў былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Козік, выконвае замову уладаў не дапусьціць аб'яднаньня "Надзеі", Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады на чале са Станіславам Шушкевічам і часткі былых сяброў БСДП (Народная Грамада) пад кіраўніцтвам Аляксея Караля.

Паколькі прыкладна трэцяя частка сябраў "Надзеі" працуе ў Фэдэрацыі прафсаюзаў, на іх лягчэй аказаць ціск. Валянціна Палевікова кажа, што менавіта з гэтых людзей будуць набірацца дэлегаты пазачарговага зьезду.

(Палевікова: ) "Я бачу, што гэта адна траціна людзей, якія абвешчаныя ўжо ў факсах. Я і разьлічвала на тое, што ня больш за адну траціну людзей будзе гэтая "прафсаюзная фракцыя", як я яе цяпер называю. Я ўпэўненая, што большасьць застанецца, і з большасьцю мы будзем працаваць далей".

Валянціна Палевікова, Аляксей Кароль і Станіслаў Шушкевіч таксама кажуць аб процідзеяньні іхняму аб'яднаньню з боку канкурэнтаў — БСДП (Народная Грамада) на чале зь Мікалаем Статкевічам. Паводле словаў спадарыні Палевіковай, прадстаўнікі партыі Статкевіча езьдзілі па рэгіёнах разам з функцыянэрамі Фэдэрацыі прафсаюзаў, арганізуючы пазачарговы зьезд "Надзеі".

Намесьнік старшыні БСДП (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк кажа, што нічога падобнага не было. Паводле ягоных словаў, ён сустракаўся з актывісткамі "Надзеі" падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць, але ніякіх змоваў ня ладзіў. Спадар Нісьцюк кажа, што праблемы "Надзеі" выкліканыя агульным крызысам у прафсаюзах і дзеяньнямі самой спадарыні Палевіковай падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

(Нісьцюк: ) "Зараз прэтэнзіі да Палевіковай — і ў ейнай партыі, і звонку, ёсьць як да кіраўніцы выбарчага штабу "адзінага кандыдата". Не разьлічыліся зь людзьмі, якія арганізоўвалі выбары ў рэгіёнах, і гэта галоўная прэтэнзія, на падставе якой зараз ёй выказвае недавер шмат хто, ня толькі зь сяброў ейнай партыі, але і зь сяброў іншых партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў".

Хаця аб'яднаўчы зьезд сацыял-дэмакратычных сілаў мусіць прайсьці празь дзесяць дзён, пакуль няма канчатковага пагадненьня аб мэханізмах аб'яднаньня. Станіслаў Шушкевіч прапануе, каб прадстаўнікі іншых партыяў фармальна ўвайшлі ў склад БСДГ, атрымаўшы роўныя правы. Ён кажа, што гэта дазволіла б пазьбегнуць рызыкі, што Міністэрства юстыцыі скасуе рэгістрацыю існых партыяў і адначасова не зарэгіструе новую. Аляксей Кароль і Валянціна Палевікова кажуць, што разглядаюць гэты варыянт як адзін з магчымых.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паўстала і пытаньне лідэрства ў будучай партыі. Станіслаў Шушкевіч заявіў, што быў бы рады, каб старшынём стаў новы, малады палітык — адукаваны і актыўны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG