Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНПРАКУРАТУРА ДАПЫТВАЕ ЖУРНАЛІСТКУ ІРЫНУ ХАЛІП


Любоў Лунёва, Менск

У артыкуле "Афганскія барзыя" Ірына Халіп распавяла пра акалічнасьці крымінальнай справы былога прэзыдэнта канцэрну "Белдзяржхарчпрам" Віктара Казекі і ягонага сына — былога начальніка аддзелу збыту аб'яднаньня "Крышталь" Андрэя Казекі, якіх падазраюць у хабарніцтве і раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці.

Ірына Халіп спаслалася на апэратыўную аўдыёстужку, якая знаходзіцца ў КГБ. На гэтай стужцы запісаная размова грамадзянскай жонкі Андрэя Казекі з прадстаўніком фірмы "Афганвет". Як паведамляе газэта, прадстаўнік фірмы прапанаваў свае паслугі ў закрыцьці крымінальнай справы супраць Андрэя Казекі. Для гэтага родным Андрэя нібыта трэба было заплаціць 250 тысяч даляраў, прычым частка гэтых грошай, як сьцьвярджаецца ў публікацыі, прызначалася непасрэдна генэральнаму пракурору Віктару Шэйману і сьледчым, а частка — фірме "Афганвет". Ірына Халіп лічыць, што рэакцыя генпракуратуры ёсьць сьведчаньнем таго, што яна трапіла ў "дзясятку".

(Халіп: ) "Шчыра кажучы, мяне зьдзівіла апэратыўнасьць нашых праваахоўчых органаў. Гэты нумар газэты выйшаў у сераду, а ў пятніцу кур'ер даставіў пазоў у пракуратуру на допыт. Вось што дзіўна: мне падалося, што ў сьледчага Андрэя Яршова, як і ў генпракурора Шэймана, няма юрыдычнай адукацыі.

Працэс гэтага допыту можна назваць юрыдычным казусам. Напрыклад, сьледчы Яршоў на пачатку допыту папярэдзіў мяне пра крымінальную адказнасьць за разгалошваньне зьвестак, атрыманых на папярэднім сьледзтве. Значыць, з гэтага моманту я ня маю ніякага права працягваць гэтую тэму і пісаць далей пра ход сьледзтва.

Гэтае папярэджаньне сьледчага Яршова я, па-першае, лічу прамой пагрозай маёй прафэсійнай дзейнасьці, а, па-другое, я ведаю, што гэта не была ягоная ўласная ініцыятыва. Мы ведаем, у якіх выпадках пракуратура, асабліва генэральная пракуратура, дэманструе такую апэратыўнасьць. Паколькі ў маім артыкуле ішла гаворка пра вельмі важную ролю генэральнага пракурора Віктара Шэймана ў крымінальнай справе Віктара Казекі і ягонага сына, я абсалютна ўпэўненая, што гэта менавіта ягоная ініцыятыва".

(Карэспандэнтка: ) "Чаму такая рэакцыя Віктара Шэймана на гэты артыкул?"

(Халіп: ) "Таму, што я ўпэўненая, што сваім артыкулам я трапіла ў "дзясятку". Вядома ж, Шэйман зараз не адчувае ўласнай бясьпекі. Ведаеце, ужо шмат чаго стала вядома грамадзкасьці пра ролю Шэймана ў розных справах. А тут яшчэ новая справа — крымінальны бізнэс. Ён служыць "дахам" для бізнэс-структуры. Мы ж ведаем, што сьпіртавы бізнэс амаль цалкам крымінальны. Шэйман зараз папросту хоча даведацца, ці ведаю я яшчэ нешта, ці зьбіраюся працягнуць гэтую тэму. Абавязкова. Мяркую, што адной з галоўных мэтаў гэтага допыту было запалохваньне мяне".

Сьледчы Андрэй Яршоў паведаміў Ірыне Халіп, што пратакол допыту ён уключыць у крымінальную справу супраць Андрэя Казекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG