Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКОЎСКІ РАЁННЫ СУД МЕНСКУ НЕ ЗАДАВОЛІЎ ПАЗОЎ СТАРШЫНІ САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ВОЛЬГІ ІПАТАВАЙ ДА МІНІСТЭРСТВА ФІНАНСАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тое, што творчая арганізацыя пісьменьнікаў у 2001 годзе яшчэ фінансавалася зь бюджэту, судзьдзя не палічыў істотным. Ня прыняў суд да ўвагі і адсутнасьць сродкаў ў Саюзу пісьменьнікаў. У выніку атрымліваецца, што Вольга Іпатава як старшыня Саюзу павінна сама заплаціць заробак грамадзянцы Вользе Іпатавай, якую ўзялі на працу ў Саюз пісьменьнікаў. Зразумела, што камэнтаваць такую сытуацыю бяз гумару немагчыма.

(Іпатава: ) "Сытуацыя падаецца мне трагікамічнай, проста трагікамічнай. Мы будзем з адвакатамі шукаць магчымасьці, каб зь мяне на маю ж карысьць не спаганялі грошы, ды ісьці далей. Я хачу паглядзець, як іншыя суды, прыкладам, Вярхоўны суд да гэтага паставяцца".

Некалькі гадоў таму ў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі адабралі ўсю нерухомую маёмасьць. Дамы адпачынку і нават будынак, дзе мясьціўся саюз, былі перададзеныя кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Аднак бюджэтнае фінансаваньне самога Саюзу яшчэ працягвалася, у асноўным грошы ішлі на заробак невялікаму штату супрацоўнікаў ды за арэнду памяшканьняў. Прыкладам, у леташнім бюджэце з 65 мільёнаў рублёў агульнага фінансаваньня 28 мільёнаў былі выдаткаваныя на арэнду. Цікава, што гэтае абавязацельства Міністэрства фінансаў акуратна выканала, і дакладна 28 мільёнаў з рахунку міністэрства пайшлі на рахунак кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, які валодае былой маёмасьцю Саюзу пісьменьнікаў. Што ж да заробку, то на гэтыя мэты Саюз пісьменьнікаў не атрымаў ані капейкі, і цяпер суд вырашыў, што гэта ня ёсьць парушэньнем закону аб бюджэце. Вольга Іпатава не зьдзіўляецца.

(Іпатава: ) "Воран ворану вока ня выклюе. Дзяржава ніколі ня зробіць вінаватай дзяржаўную інстытуцыю, якая сапраўды вінаватая. Нават і не папракне яе ніводным слоўцам за тое, што вось так абышліся з творчым саюзам. Але мы хочам паўтарыць – разьвядзіцеся з намі цывілізавана. 65 гадоў ішло фінансаваньне Саюзу пісьменьнікаў, і зразумела, што Саюз павінен быў гэта адпрацоўваць. І я нічога ня маю супроць таго, каб гэтае фінансаваньне ў рэшце рэшт прыпынілася. Каб ня дзьве акалічнасьці. Першае, вярніце нашыя будынкі, другое, заплаціце за 2001 год тое, што было ў бюджэце. 2002 год мы маглі б пачаць без запазыкі, якую нам навязалі, маглі б проста шукаць сваё месца ў гэтай дзяржаве. А развод павінен быць цывілізаваным, бяз пастак ды іншых наступстваў, якія напаткалі наш саюз".

Вольга Іпатава заяўляе, што будзе зьвяртацца ў гарадзкі, а калі спатрэбіцца, і ў Вярхоўны суд.
XS
SM
MD
LG