Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД КОЗІК ПРЫЗНАЧЫЎ НОВАГА КІРАЎНІКА "БЕЛАРУСКАГА ЧАСУ"


Міхал Стэльмак, Менск

Сустрэча Леаніда Козіка з рэдакцыйным калектывам "Беларускага часу" адбылася паводле ініцыятывы старшыні Фэдэрацыі. Камэнтуючы вынікі гэтай сустрэчы нашаму радыё, спадар Козік зазначыў:

(Козік: ) "Мы вельмі пасябравалі з калектывам. Мы будзем вельмі актыўна працаваць. Мы зробім газету шматколернай. Мы разам пагадзіліся на тым, каб пісаць востра і па-дзелавому. Што тычыцца ўказаньняў як пісаць, то я ніякіх ім кірункаў не даваў".

Сустрэча журналістаў зь Леанідам Козікам адбывалася без удзелу Аляксандра Старыкевіча, які на мінулым тыдні быў звольнены з пасады галоўнага рэдактара "Беларускага часу". Ці абмяркоўвалася гэтае звальненьне на сёньняшняй сустрэчы, спытаўся я ў спадара Козіка. Старшыня Фэдэрацыі заявіў, што журналістаў гэтае пытаньне не цікавіла.

Між тым, паводле зьвестак удзельнікаў сустрэчы, пра звальненьне Старыкевіча гаварылі. Прагучала, што лідэра Фэдэрацыі нібыта не задавальнялі службовыя дачыненьні з былым кіраўніком прафсаюзнага выданьня. Ён абвінаваціў былога рэдактара ў ігнараваньні меркаваньняў старшыні Фэдэрацыі Ці так гэта? Вось што зазначыў на гэты конт Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) "У нас адбылася гутарка па тэлефоне адразу пасьля паседжаньня прэзыдыюму Фэдэрацыі, на якім прапанова пра маё звальненьне была адхіленая. Зьмест яе быў прыкладна наступны. "У вас заўтра выходзіць чарговы нумар газэты, дык прынясіце мне палосы", — сказаў Козік. А я кажу: "Леанід Пятровіч, давайце ня будзем парушаць беларускае заканадаўства, бо папярэдняя цэнзура забароненая". А ён: "А што, Ганчарык і Вітко нават палосаў не глядзелі?" А я: "Ім такая думка наогул і ў галаву не прыходзіла". "Дык што, я не магу паглядзець матэрыялаў, што падрыхтавала ўласная структура?" Я адказаў: "Можаце. Заўтра надрукуем газэту, паглядзіце". Тут ён кінуў слухаўку", — распавёў Аляксандар Старыкевіч.

Замест Старыкевіча Леанід Козік сёньня афіцыйна абвесьціў прозьвішча новага кіраўніка выданьня — гэта Ірына Германовіч, яна прызначаная выканаўцай абавязкаў галоўнага рэдактара. Ірына Герамановіч дагэтуль была намесьніцай Старыкевіча і, паводле ейных словаў, пагадзілася на новае прызначэньне са згоды ўсяго рэдакцыйнага калектыву. Апроч таго, Леанід Козік паабяцаў спадарыні Германовіч, як вынікае зь яе тлумачэньня, ня ўмешвацца ў рэдакцыйныя пляны:

(Германовіч: ) "Леанід Пятровіч падкрэсьліў, што адзінае яго пажаданьне да журналістаў "Беларускага часу" — гэта каб болей на старонках было матэрыялаў пра жыцьцё і дзейнасьць прафсаюзаў. Пра змаганьне прафсаюзаў за жыцьцёвы ўзровень людзей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG