Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АДМЫСЛОЎЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПРАЦЯГВАЦЬ ЛЯЧЭНЬНЕ ЎЛАДЗІМЕРА МУЛЯВІНА ТРЭБА НЕ Ў МАСКВЕ, А НА ЗАХАДЗЕ


Ігар Карней, Менск

Ні лекары клінікі, ні сваякі Мулявіна пакуль ня ведаюць, калі і якім чынам той будзе накіраваны ў Маскву.

Многія адмыслоўцы НДІ траўматалёгіі і артапэдыі, дзе пасьля апэрацыі два месяцы лячылі Ўладзімера Мулявіна, ад самага пачатку скептычна ставіліся да пэрспэктывы накіраваць яго ў Расею.

Ідэю пра лячэньне ў Маскве падаў расейскі сьпявак Іосіф Кабзон, які паабяцаў свайму сябру паспрыяць у больш прафэсійным мэдычным даглядзе. Тады беларускія лекары нават крыху пакрыўдзіліся. Прафэсар Іосіф Варановіч, які апэраваў Мулявіна, у тэлефоннай размове са мной канстатаваў, што беларускія спэцыялісты паводле прафэсійнага ўзроўню ніяк ня горшыя за расейскіх.

Яшчэ адзін хірург, які быў у часе апэрацыі асыстэнтам Варановіча, таксама лічыць, што розьніцы паміж цяперашнім ложкам у сьценах лечкамісіі і такім жа ложкам у палаце маскоўскага НДІ Скліфасоўскага ня будзе ніякай. Ён жа ўзгадаў гісторыю з былым першым сакратаром ЦК КПБ Мікалаем Сьлюньковым, сваякі якога колісь гэтак сама ўхапіліся за маскоўскіх лекараў, а потым у адным інтэрвію дачка партыйнага функцыянэра наўпрост паставіла пад сумнеў прафэсійныя вартасьці маскоўскіх лекараў.

Пакуль што невядомыя і магчымыя тэрміны адпраўкі Мулявіна ў Маскву. Пра гэта, падобна, мала што ведаюць нават самыя блізкія сваякі Мулявіна, якія, дарэчы, не да канца ўпэўненыя, што перавод у Маскву будзе добрым і да канца прадуманым рашэньнем. Вось, у прыватнасьці, што кажа старэйшая дачка Мулявіна Марына:

(Марына: ) "Мэдыкам лепш бачна, чым мне. Мы на гэтую тэму не размаўляем, гэта больш вырашае Сьвятлана Аляксандраўна, жонка Мулявіна. Я хаджу да бацькі, і мы гаворым на больш зямныя тэмы. А ягоным здароўем займаюцца мэдыкі й жонка. Мая справа падтрымаць, пагаварыць. Калі яго перавядуць, мы даведаемся адразу ж: куды адправяць — у Маскву, ці куды на Захад. Пакуль не перавядуць, наўрад ці пра што можна казаць. Лекары дагэтуль гавораць, што яшчэ вырашаюць самі".

Адмыслоўцы, якія змагаліся за жыцьцё Мулявіна на папярэднім этапе, лічаць, што працягваць лячэньне ды рэабілітацыю Мулявіна неабходна ў адной з заходніх клінік — прыкладам, у Нямеччыне ці Швайцарыі. Там досьвед працы з пацыентамі, якія атрымалі пашкоджаньні хрыбта, куды большы ды пасьпяховы. Дый дзяржава, якая па-сапраўднаму шануе музыку такога ўзроўню, мусіць быць больш пераборлівай у прапановах, а ня думаць выключна пра магчымасьці ашчаджаць сродкі.

Зрэшты, як пачувае сябе цяпер Уладзімер Мулявін, чамусьці таксама старанна хаваюць. Калі раней у НДІ траўматалёгіі і артапэдыі яшчэ нейкую інфармацыю здабыць было можна, то цяпер усе спробы сустракаюць упартае "нельга".

Зьвяртаюся з пытаньнем пра стан Уладзімера Мулявіна да ягонай дачкі Марыны:

(Марына: ) "Усё нармальна, працуе. Натуральна, што чалавек творчасьці ня можа быць па-за творчасьцю. Абавязкова нешта ў думках нараджаецца. Але ўсё наперадзе, пра ўсё даведаецеся. Пакуль праца, пакуль у галаве творчасьць".

У апошні момант удалося высьветліць, што калі адпаведныя мэдычныя працэдуры паміж беларускім і расейскім бакамі будуць узгодненыя дастаткова апэратыўна, Уладзімер Мулявін будзе накіраваны ў Маскву пры канцы жніўня.
XS
SM
MD
LG