Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША АБМЯРКОЎВАЮЦЬ МАГЧЫМАСЬЦІ ВАЕННАГА ЎДАРУ ПА ІРАКУ


Юры Дракахруст, Прага

Сэнатар Лугар параўнаў пагрозу, што зыходзіць ад Багдаду, з пагрозаю, якую несьлі тэрарысты, што 11 верасьня летась атакавалі вежы-блізьняты ў Нью-Ёрку. “Чаканьне атакі, чаканьне правакацыі можа прынесьці вялікую бяду,” – заявіў Лугар.

Ягоны калега сэнатар Гатчынсан таксама лічыць, што Амэрыка ня мусіць чакаць, пакуль Гусэйн ужыве зброю масавага зьнішчэньня супраць суседзяў ці амэрыканскіх войскаў. “Мы мусім нанесьці папераджальны удар,” – мяркуе Кэй Гатчынсан.

Аднак, адзінства няма нават у шэрагах заканадаўцаў-рэспубліканцаў. Лідэр рэспубліканскай большасьці ў палаце прадстаўнікоў Рычард Амі лічыць, што Вашынгтон ня мусіць атакаваць Ірак без сур’ёзнай падставы. А сэнатар-дэмакрат Карл Левін гаворыць, што нават маючы зброю масавага зьнішчэньня, ірацкі лідэр ня будзе ўжываць яе, бо для яго гэта тоесна самазабойству. “А мэта Садама – выжыць, а не загінуць героем,” – лічыць сэнатар Левін.

У мінулую сыботу віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні і міністар абароны Доналд Рамсфэлд сустрэліся з дэлегацыяй ірацкай апазыцыі. Сябра дэлегацыі Шарыф Алі Бэн Гусэйн, стрыечны брат апошняга караля Іраку, выказаў меракаваньне, што калі ЗША прымуць рашэньне пра ваенную апэрацыю, перад імі будзе стаяць лёгкая задача.
“Ніхто ў Іраку ня будзе абараняць гэты рэжым – ані войска, ані служба бясьпекі, ані насельніцтва. Няма ніводнага чалавека па-за ўладным колам, які будзе ваяваць і абараняць яго,” – заявіў ірацкі апазыцыянэр.

Аднак, далёка ня ўсе амэрыканскія аналітыкі і амэрыканскія мэдыі падзяляюць гэтую ўпэўненасьць ірацкай апазыцыі.

New York Times адзначае, што ніколі Амэрыка не была такой ізаляванай ад сваіх патэнцыйных партнэраў і саюзьнікаў, як у кампаніі супраць Іраку.

Дарэчы, менавіта сёньня канцлер Нямеччыны Гэргард Шродар заявіў, што Бэрлін ні ў якой форме ня будзе ўдзельнічаць у амэрыканскай апэрацыі ў Іраку. Паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, 62% немцаў падзяляюць думку канцлэра, што Нямеччыне ня варта ўдзельнічаць у вайне ў Іраку.

“Які б курс у адносінах да Іраку ня быў абраны, трэба дамагчыся яго шырокай падтрымкі ў кангрэсе і ў грамадзтве,” – такую думку выказвае ў газэце Chicago Tribune былы дзяржсакратар ЗША Гэнры Кісінджэр. Кісінджэр адзначае, што апэрацыя ў Іраку будзе выклікам прынцыпу неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў, таму, паводле ягонага прагнозу, эўрапэйскія саюзьнікі ЗША зь вялікаю неахвотаю падтрымаюць гэтую акцыю, калі ўвогуле падтрымаюць. Разам з тым былы дзяржсакратар ЗША адзначае, што амэрыканская палітыка мусіць прадэманстраваць, што тэрор і атака на міжнародны парадак будуць мець катастрафічныя наступствы для іх натхняльнікаў і арганізатараў. “Важна даказаць, што мы абараняем ня нашыя ўласныя інтарэсы, а інтарэсы ўсяго сьвету,” – піша ў Chicago Tribune Гэнры Кісінджэр.

Чарльз Дэлфэр, былы сябра камісіі ААН у Іраку, у артыкуле ў Los-Angeles Times адзначае, што калі Вашынгтон ставіць мэту – зьмена рэжыму ў Багдадзе, то ваенныя дзеяньні мусяць быць падпарадкаваныя гэтай мэце. На думку Чарльза Дэлфэра перш-наперш Амэрыка мусіць паглыбіць ізаляцыю Гусэйна ў ірацкім грамадзтве і даць зразумець іракцам, што Вашынгтон не збіраецца навязваць ім новае кіраўніцтва, а хоча толькі стварыць умовы, у якіх ірацкі народ сам абярэ сабе новых лідэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG