Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТЫВЕН ПАЙФЭР ПЫТАЕЦЦА, НА ЯКІМ БАКУ Ў ВАЙНЕ СУПРАЦЬ ТЭРАРЫЗМУ ЗЬБІРАЕЦЦА БЫЦЬ БЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ


Віталь Цыганкоў, Менск

Спадар Пайфэр знаходзіўся ў сваім офісе ў Вашынгтоне, а прадстаўнікі прэсы мелі магчымасьць задаваць яму пытаньні ў памяшканьні інфармацыйнай службы амбасады ЗША ў Менску.

Ва ўступным слове намесьнік памочніка Дзяржсакратара найперш зазначыў, што цяперашнія дачыненьні Беларусі й ЗША вельмі дрэнныя. Будучы незадаволенымі такім станам дачыненьняў, ЗША яшчэ ў лютым, падчас наведваньня спадаром Пайфэрам Беларусі, прапанавалі пакрокавую стратэгію для паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх стасункаў. Аднак за шэсьць месяцаў, якія прайшлі з таго часу, рэжым Аляксандра Лукашэнкі павёў Беларусь яшчэ ў большую ізаляцыю, упэўнены амэрыканскі дыплямат.

(Пайфэр: ) "На жаль, прайшло ўжо паўгода ад часу нашай сустрэчы, і мы назіраем поўную адсутнасьць гатовасьці з боку беларускага ўраду ажыцьцяўляць той падыход, пра які мы гаварылі. Прапанова застаецца ў сіле, але, на жаль, мы ня бачым аніякага жаданьня ажыцьцяўляць гэты падыход".

"Мяч на беларускім баку" — адзначыў пазьней Стывэн Пайфэр. Пакуль жа мы назіраем толькі тое, што рэжым Лукашэнкі працягваецца рухацца ў няслушным кірунку, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

Гаворачы пра магчымасьць уплыву з боку Расеі на беларускі рэжым, Пайфэр нагадаў, што беларускае пытаньне ўздымалася падчас апошняй сустрэчы паміж прэзыдэнтамі Бушам і Пуціным, а таксама падчас шэрагу сустрэчаў на іншым узроўні. "Мы спадзяемся, што Расея здолее выкарыстаць свой уплыў у Беларусі, бо Расея ідзе шляхам рэформаў, і яна хацела б, каб Беларусь таксама ішла гэтым шляхам", — адзначыў Пайфэр.

Як вядома, цяпер увесь сьвет абмяркоўвае магчымую ваенную апэрацыю ЗША супраць Іраку. Як з гэтага гледзішча амэрыканскі дыплямат ацэньвае шырокія палітычныя ды ваенныя сувязі афіцыйнага Менску з Багдадам?

(Пайфэр: ) "Гаворачы больш шырока, мы занепакоеныя кантактамі з краінамі-ізгоямі і з краінамі, якія ўцягнутыя ў тэрарыстычную дзейнасьць. Ад 11 верасьня мы назіраем фармаваньне міжнароднай кааліцыі супраць тэрарызму, і кожная краіна павінная зрабіць дакладны выбар, на якім баку яна будзе знаходзіцца. Некаторыя дзеяньні беларускага ўраду пакідаюць пытаньні, на якім баку ў вайне супраць тэрарызму зьбіраецца быць беларускі рэжым".

Беларускі рэжым, на думку Пайфэра, павінен зразумець, што ён сам вінаваты ва ўласнай самаізаляцыі і ўрэшце зрабіць сваю сыстэму сумяшчальнай з палітычнымі сыстэмамі сваіх суседзяў.
XS
SM
MD
LG