Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУЗАВЫЯ ВАГОНЫ НА ЧЫГУНЦЫ ПУСТУЮЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Адсутнасьць буйных і сталых заказаў на перавозкі тавараў у Расею і назад непакоіць чыгуначнікаў. Рэгіянальнае аддзяленне напрыканцы мінулага тыдня чарговы раз склікала прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, каб нагадаць пра пагадненьне ўрадаў Расеі і Беларусі ў справе зніжэньня кошту на перавозкі грузаў чыгункаю.

Аднак прамыслоўцы мала чым усьцешылі чыгуначнікаў. Напрыклад, прадстаўнік хімічнага заводу паінфармаваў, што, хаця тарыфы на перавозкі і зьніжаныя, але прадпрыемства ня можа павялічыць заказы чыгунцы, паколькі сера для вытворчасьці мінэральных ўгнаеньняў у Расеі падаражэла. Электратэхнічны завод зьменьшыў збыт у сувязі з выпускам аналягічнай прадукцыі на расейскіх прадпрыемствах.

Завод жалезабетонных вырабаў №5 наогул заявіў, што ў Расеі на ягоную прадукцыю няма болей попыту.

Зьменьшыўся попыт у суседзяў і на прадукцыю Сьветлагорскага цэлюлёзна-картоннага камбінату.

Акцыянэрнае таварыства “Гомельшкло” наогул лічыць, што захаванасьць іхнай прадукцыі гарантуецца больш пры аўтамабільных перавозках. Таму яны апошнім часам у тры разы меней сталі карыстацца паслугамі чыгункі. Агульны малюнак дапаўняе намесьніца начальніка аддзелу грузавых перавозак рэгіянальнага аддзяленьня чыгункі Святлана Калініна.

(Калініна: ) “Калі прадпрыемствы не даюць нам аб’ёмы перавозак, калі яны не плацёжаздольныя, не канкурэнтаздольныя, то адкуль у нас будуць аб’ёмы перавозак? Мы ж возім тое, што нам заяўляюць”.

Сапраўды, экспарт прадукцыі гомельскіх прадпрыемстваў, паводле зьвестак абласной статыстычнай управы, зьменьшыўся сёлета ў параўнанні зь леташнім амаль на 10 з паловай адсоткаў.

У Расеі скараціўся попыт на гомельскія вырабы з мэталу, пластмасы, на мэблю, скураныя тавары, алькагольныя і безалькагольныя напоі. Чыгуначныя перавозкі толькі адлюстравалі стан эканомікі рэгіёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG