Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЛЯКІ СТАВЯЦЦА ДА ЎВЯДЗЕНЬНЯ ВІЗАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

45% апытаных палякаў упэўненыя, што ўвядзеньне візаў для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі ад 1 ліпеня наступнага году прынясе карысьць Польшчы. У той жа час кожны трэці паляк лічыць, што візавы рэжым для ўсходніх суседзяў ня будзе карысным для ягонай краіны. 20% апытаных заявілі, што ўвядзеньне візаў ня будзе мець для Польшчы аніякага значэньня.

Цікава, што меркаваньні ў гэтай справе жыхароў тых рэгіёнаў Польшчы, якія мяжуюць зь Беларусьсю, Украінай ці Расеяй значна адрозьніваюцца ад меркаваньняў жыхароў іншых частак Польшчы.

Прыкладам, у Падляшскім ваяводзтве толькі кожны трэці з апытаных лічыць, што ўвядзеньне візаў для жыхароў суседняй Беларусі прынясе Польшчы карысьць. Столькі ж жыхароў гэтага ваяводзтва прытрымліваюцца супрацьлеглага меркаваньня.

Такім чынам, дадзеныя статыстычных дасьледаваньняў абвяргаюць трывалы стэрэатып аб тым, што палякі вельмі адмоўна ставяцца да тысячаў беларусаў ды ўкраінцаў, якія штодня прыяжджаюць гандляваць у памежныя рэгіёны Польшчы. Хутчэй наадварот: такі гандаль пакуль выгодны для жыхароў абедзьвюх краінаў. Беларусы могуць зарабіць некалькі даляраў, а польскія прадпрымальнікі з памежных мястэчкаў маюць неблагія прыбыткі ад продажу суседзям больш танных і больш якасных польскіх тавараў.
XS
SM
MD
LG