Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У БЕРАСТАВІЦЫ АРЫШТАВАНЫМ ЯК У САНАТОРЫІ”


Любоў Лунёва, Менск

Валеры Шчукін адседзеў ужо трынаццаць сутак у Бераставіцкім ізалятары часовага ўтрыманьня. Два тыдні таму ён ехаў у аўтакефальную царкву ў пасёлку Пагранічны, якую руйнавалі ўлады. Шчукіна арыштавалі за непадпарадкаваньне міліцыі пры ўезьдзе ў памежную зону. Пра ўмовы ўтрыманьня журналіста за кратамі мала што вядома — яго знаёмым нават не дазволілі перадаць харчовую перадачу. У Бераставіцу езьдзіла ягоная жонка Любоў Шчукіна.

(Шчукіна: ) “Хвалююся за мужа. Ён ужо немалады і не які-небудзь злачынца. Ну, сказалі б яму, што нельга туды ехаць і павярнулі б назад. Дык не, абавязкова трэба пасадзіць чалавека. Такая сьпякота, а там ні бялізны, нічога. Мяне вельмі хвалюе стан ягонага здароўя. Я ўжо не кажу пра тое, як мне цяжка безь яго.

Я хворы чалавек. Нікуды не магу пайсьці. Ён быў і маімі вачыма, і рукамі, і падтрымкай. Зьезьдзіла я да яго з горам напалам. Сябры ягоныя спрабавалі перадаць перадачу, але загадалі, каб толькі я сама. Ледзь перанесла гэтую дарогу. Трэба яшчэ адну перадачу, але ўжо няма здароўя. Лічу дні і нават літаральна гадзіны — колькі яму яшчэ засталося”.

Мы зьвязаліся з начальнікам Бераставіцкай міліцыі Юрыем Амбражэвічам, каб уведаць, як маецца 60-гадовы вязень за кратамі.

(Амбражэвіч: ) “Як у санаторыі. Так, так, так. Ніякіх скаргаў і прэтэнзіяў у яго не ўзьнікае. Ён задаволены ўмовамі ўтрыманьня. Яго кормяць тры разы на дзень. Усё прывозяць са столоўкі. Сьняданак, абед і вячэра, як трэба. Мэню я вам не назаву, трэба глядзець у сталоўцы. Але не хвалюйцеся — усё, як трэба. На шпацыр яго выводзяць два разы на дзень. Калі яго вызваляюць, я вам не скажу, бо гэта ягонае асабістае прыватнае жыцьцё”.

Валеры Шчукін ў выходныя дні можа выйсьці на волю. Сябры зьбіраюцца сустракаць яго ля брамы ізалятара, каб адвезьці дадому. Нашыя слухачы атрымаюць магчымасьць даведацца пра санаторныя ўмовы за кратамі, якія нібыты існуюць у Бераставіцы, з вуснаў самога вязьня на наступным тыдні.

Ад пачатку году Валеры Шчукін правёў за кратамі амаль поўны месяц.

З чатырох палітвязьняў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і прадпрымальнік Леанід Малахаў ужо дома. Цімафей Дранчук дагэтуль знаходзіцца ў аддзяленьні кардыялёгіі 3-га менскага шпіталю пасьля двух сутак, праведзеных у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.


XS
SM
MD
LG