Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДА НЕ ПАКІДАЕ ФЭРМЭРАМ ШАНЦАЎ ДА РАЗЬВІЦЬЦЯ ПРЫВАТНЫХ ГАСПАДАРАК


Ігар Карней, Менск

Абсалютная бальшыня беларускіх фэрмэраў абвінавачвае ў згортваньні фэрмэрскіх праграмаў цяперашнюю ўладу, якая ўпарта арыентуецца на стратныя, але цалкам падкантрольныя калектыўныя гаспадаркі.

Усе фэрмэры, зь якімі давялося сустракацца, абавязкова робяць экскурс у дзесяцігадовую даўнасьць, калі здавалася, што новая форма гаспадараньня ўпэўнена выціскае маральна састарэлы калгасны лад. Да 1995 году больш за паўтысячы новых гаспадарнікаў наведалі калегаў у Польшчы, Літве, Нямеччыне, ладзіліся сталыя кантакты, пераймаліся заходнія мэтады працы, закуплялася насеньне і жывёла. Браніслаў Гардзевіч з пасёлку "Ўраджайны" Сеньніцкага сельсавету далучыўся да фэрмэраў у самы неспрыяльны, як ён лічыць, час — якраз тады, калі новая ўлада ў фэрмэрах расчаравалася.

(Гардзевіч: ) "На фэрмэра ў нас глядзяць са зьдзіўленьнем: і ўлада, і людзі ставяцца падазрона. Тэхніку колісь купіў за свае грошы. Калі пайшоў узяць пазыку на насеньне, банк ня даў ссуду — патрэбны быў гарант. А які гарант, калі калгас супраць, сельсавет супраць. Прыйшлося пазычаць у сваякоў; купіў чатыры дойныя каровы, тыя прынесьлі прыплод і стала восем галоў. Потым купіў 35 парасятаў. Калгас тым часам стаў баяцца, што людзі, на мяне гледзячы, разьбяруць зямлю і ўсе пададуцца ў фэрмэры. Старшыня калгасу прыехаў, распачаў агітацыю, маўляў, навошта табе гэтае фэрмэрства, ідзі ў калгас, працуй нармальна. Я адмовіўся. Тады ён вярнуўся разам са старшынём сельсавету і ўчастковым міліцыянтам. Знайшлі слабое месца: агарод. Бо калі з калгасу сыходзіш, зямлю бяз усялякіх словаў абразаюць ад вугла хаты да дзьвярэй хлява. Зямлю раздалі суседзям, тыя пачалі хто будавацца, хто свае агароды парабіў. Я не магу нават прыткнуцца ў свой двор, тэхніку паставіць, бо ўсё гэта не маё, усё сельсавецкае, дзяржаўнае”.

Такім чынам, "платай" за незгаворлівасьць стала пазбаўленьне спадара Гардзевіча 10 гектараў зямлі, некалі дадзенай у доўгатэрміновую арэнду на тэрыторыі былога вайсковага палігону. Зрэшты, там зараз запусьценьне, бо калгасу "засеяны" вайсковым жалезам надзел таксама не патрэбны.

Пэўныя спадзяваньні, што ўлада ўсё ж зьменіць стаўленьне да індывідуальных гаспадарнікаў, фэрмэры захоўвалі да гэтага году: у чэрвені гэтак званая палата прадстаўнікоў плянавала абмеркаваць заканапраект "Аб фэрмэрскіх гаспадарках у Беларусі". Але традыцыйна не хапіла часу, і фэрмэрскія чытаньні адкладзеныя да наступнага году. А таму зараз кожны сам вырашае, як прыстасоўвацца да працы ў старых, цалкам неспрыяльных умовах. Вось што распавёў фэрмэр зь Бярозаўскага раёну Канстанцін Вярцейка:

(Вярцейка: ) "На Берасьцейшчыне ёсьць фэрмэр, які падарыў Лукашэнку 40 тон пшаніцы. А што першы прэзыдэнт у адказ? — запытваю. А нічога, кажа, як быццам гэтага і не было. Дык лепей, кажу, ты б гэтыя 40 тон раздаў суседзям, хоць па 200 кг на гектар пасеву. Што-небудзь рэальна атрымалі б. Лукашэнку хоць і называюць "бацькам", але паглядзіце, як ён ставіцца да сваіх "дзяцей"? Толькі і чуецца: "усенародна абраны", "усенародна любімы"... Так, любімы пэнсіянэрамі. Пэнсіянэры ў такім стане, што гатовыя і на пажыцьцёвы тэрмін яго абраць, каб толькі пэнсія была. У мяне таксама сталы ўзрост, але я не дабіваюся гэтай пэнсіі, бо хачу працаваць. Што яны дадуць? У мяне сястра атрымлівае пэнсію мізэрную. Як прыяжджаю, заўсёды скардзіцца: сорам адзін".

Напярэдадні ледзьве не галоўнага сьвята, некалі абвешчанага Лукашэнкам — “Дажынкаў”, — фэрмэры сутыкнуліся зь нечаканай праблемай. Здаць дзяржаве сабраны ўраджай аказалася зусім ня проста, бо й тут прыярытэт аддадзены калектыўным гаспадаркам. Маўляў, будуць рэзэрвы — будзем прымаць. А пакуль — выбачайце. Можа і таму ад гэтага году назіраецца нязвыклая зьява — своеасаблівая міграцыя фэрмэраў па краіне. Людзі шукаюць рэгіёны, дзе стаўленьне да іх з боку чыноўнікаў ня будзе пагардліва-зьневажальным.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG