Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЭДЫТЫ ДЛЯ РАСЕЙСКАГА БІЗНЭСУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Гута, якая месьціцца ў пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёну, ужо падпісала неабходныя паперы зь Беларусьбанкам. Як паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства, які не назваў свайго імя, размова ідзе пра чатыры з паловай мільёны даляраў. Генэральны дырэктар сумеснага таварыства Анатоль Мазура на сходзе працоўнага калектыву прадставіў гаспадароў і сказаў, што банк выдзеліць ім крэдыт. Распавядае бугальтарка гуты “Ялізава” Валянціна Палішчук:

(Палішчук: ) “Ну вось казалі, што банк выдзеліць, што прэзыдэнт паабяцаў адкрыць крэдытную лінію. Гэта казалі. Але ж калі дакладна выдзеляць і ў якіх памерах – нічога не магу канкрэтнага сказаць”.

Адміністрацыя сумеснага таварыства пры канцы жніўня чакае прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Тым часам рабочыя выказваюць зьдзіўленьне з нагоды таго, што крэдыт выдзяляюць менавіта цяпер, калі гаспадаром прадпрыемства стала расейская фірма “Атэк”. Да яе кантрольны пакет акцый належыў канадзкай фірме “Consumers Packaging Inc”. Як стала вядома, яна адмовілася ад заводу зь дзьвюх прычынаў. Па першае, беларускія мытнікі абклалі яе вялізнымі падаткамі падчас таго, як яна ўвозіла абсталяваньне ў Беларусь. Па-другое, яшчэ адзін суўладальнік шклозаводу, прэзыдэнт беларускай фірмы “Лада-ОМС” Аляксей Ваганаў так і ня змог знайсьці крэдыт для разьвіцьця прадпрыемства.
Рабочыя турбуюцца, што могуць згубіць свае працоўныя месцы, бо дзесяціадсоткавае скарачэньне штатаў ужо пачалося. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю старшыня Свабоднага прафсаюзу гуты “Ялізава” Альбэрт Яўменаў.

(Яўменаў: ) “Агульнавядомым ёсьць той факт, што фінансавыя плыні ў Беларусі разьмяркоўвае асабіста сам Аляксандар Рыгоравіч. Менавіта гэтым можна растлумачыць ягоны прыезд у пасёлак Ялізава на шклозавод Кастрычніцкі. Выгаду атрымаюць расейскія і ўкраінскія падрадчыцкія фірмы. Беларускія падрадчыцкія фірмы застануцца ў баку ад залатога дажджу”.


XS
SM
MD
LG