Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЕРНІКІ Ў ПАГРАНІЧНЫМ АБУРАНЫЯ РАЗБУРЭНЬНЕМ ХРАМА


Міхал Карневіч, Горадня

У сваім лісьце на імя Лукашэнкі вернікі з Пагранічнага, вёсак Пецяроўка, Рудаўляны і Вораны сьцьвярджаюць, што Ян Спасюк будуе храм не за дзяржаўныя грошы, а за іх ахвяраваньні, а таксама за ахвяраваньні людзей зь іншых краінаў.

Яны нагадваюць Лукашэнку, што ў Рэспубліцы Беларусь ёсьць законы і канстытуцыя, якія гарантуюць свабоду веравызнаньня, але “гэтыя законы не выконваюць ваш раённы вэртыкальнік Захарчук і абласны Саўчанка”. Маўляў, яны ня вераць у Бога і аддалі загад руйнаваць храм.

Далей у лісьце вернікі распавядаюць, што разбураць храм прыслалі арыштантаў зь СІЗА, што царкву абкружылі міліцыянты і не дапускаюць у яе прыхаджанаў. І гэта ў той час, пішуць яны, калі ў раёне адбывалася ўборка ўраджаю, калі кожны рубель і літар бэнзыну на ўліку і сапраўды патрэбныя калгасам.

У сувязі з гэтым вернікі задаюцца пытаньнем да Лукашэнкі: “Ці не з сваёй кішэні ўзялі грошы вашы вэртыкальнікі на разбурэньне храма?” Яшчэ вернікі зьвяртаюцца да кіраўніка з пытаньнем: “які сьлед пакіне ў нашых душах і асабліва нашых дзяцей дзейнасьць вашых чыноўнікаў, якія на вачах ператварылі прыгожы храм у руіны”.

У канцы ліста ёсьць дапіска, што ад імя прыхаджанаў ліст пісаў Будніцкі Аляксандар Іванавіч. Пад ім стаіць 116 подпісаў.

Сьвятар Ян Спасюк, які цяпер знаходзіцца ў Горадні, прыняў зварот да вернікаў і сьвятароў іншых канфэсіяў. Сьвятар заклікае ўсіх вернікаў стаць на абарону храма ў Пагранічным, бо “зараз бяда прыйшла ў наш храм, а заўтра прыйдзе ў вашы дамы і храмы”.

Нагадаю, што ў мінулую пятніцу ў Пагранічным дамавая царква была разабраная цалкам, а ад храма засталася толькі адна сьцяна. У пятніцу ўвечары работы па разбурэньні храма былі прыпыненыя. Намесьнік старшыні бераставіцкага райвыканкаму Пятро Дуцько адмовіўся камэнтаваць дзеяньні ўладаў.
XS
SM
MD
LG