Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ТРОЕ ЖЫХАРОЎ ГОМЕЛЮ ПАПРАСІЛІ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ ВА ЎКРАІНЕ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Усе трое ўцекачоў паводле прафэсіі – настаўнікі гісторыі. Вучыліся яны ў свой час на гістарычным факультэце ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

Спадар Шапавалаў нават жанаты. Мае дачку. Але жонка Лідзія сама была зьдзіўленая ад’ездам Сьвятаслава ва Ўкраіну.

(Лідзія Шапавалава: ) “Я нічога ня ведаю, нічога не магу вам сказаць, таму што мы зь ім не жывем”.

Унівэрсытэцкія сябры ўцекачоў ведалі болей. Вось што думае наконт выбару краіны Ларыса Шчыракова:

(Шчыракова: ) “Я мяркую, гэта абумоўлена ня тым, што яны ставяцца да Ўкраіны нейкім асаблівым чынам. Яны наважваліся паехаць і ў Літву, і ў Латвію, і нават далей. Проста ва Ўладзімера Буханава няма пашпарту. Далей яны не перасяклі б мяжы. Выбар быў абумоўлены такімі чыста прагматычнымі меркаваньнямі”.

Сьледчы гарадзкой пракуратуры Раман Якімец правяраў допісы ўцекачоў у розныя інстанцыі на прадмет таго, ці ўтрымліваюць яны паклёп і абразу Аляксандра Лукашэнкі. 8 ліпеня Якімец меў гутарку зь Сяргеем Корневым. Паводле словаў сьледчага, у допісах уцекачы выстаўлялі кіраўніка дзяржавы ня ў лепшым сьвятле. Яны патрабавалі таксама новага дзяржаўнага ўладкаваньня і прыкладалі нават свой законапраект выбараў у Земскі сабор. Аднак крымінальную справу сьледчы не ўзбуджаў, і патлумачыў гэта так:

(Якімец: ) “Няма падставаў, таму што ні пад што не падпадае. Корнеў ў пракуратуры засьведчыў, што яны толькі пісалі лісты прэзыдэнту ЗША, Кангрэсу, Уладзімеру Пуціну, КГБ, а ў газэтах і іншых сродках інфармацыі гэта не друкавалася”.

Прыгадаў сьледчы і пра Ўкраіну:

(Якімец: ) “Наколькі я памятаю, Корнеў казаў, што ва Ўкраіне ў яго ёсьць нейкія сваякі. Плюс ліст у ЗША яны накіроўвалі праз амбасадара ў Кіеве. Я ў прынцыпе здагадваюся, што прытулак хутчэй за ўсё стаў прасіць першым Корнеў, бо дзесьці там у яго ёсьць дачыненьні з Украінай”.
XS
SM
MD
LG