Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОНКУРС НА БЕЛАРУСКУЮ ФІЛЯЛЁГІЮ - АДЗІН З НАЙВЫШЭЙШЫХ У ВНУ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Вывучаць родную мову альбо навучацца на ёй абітурыенты лічаць прэстыжным цягам некалькіх апошніх гадоў, аднак пытаньне пра стварэньне ў Беларусі нацыянальнага ўнівэрсытэту па-ранейшаму застаецца адкрытае.

У кожнай з васьмі вышэйшых навучальных установаў, дзе існуюць філялягічныя факультэты, колькасьць жадаючых прафэсійна авалодаць беларускай мовай сёлета перавышала ахвочых вывучаць расейскую. Асабліва высокі конкурс быў там, дзе разам зь беларускай вывучаецца й замежная мова. Так, у менскім пэдунівэрсытэце конкурс на беларускую й ангельскую мовы склаў 9,5 чалавек на месца й стаўся самым высокім, шмат апярэдзіўшы іншыя спэцыяльнасьці. Найвышэйшы конкурс быў таксама ў Баранавіцкім пэдкаледжы. Але найбольш паказальнае стаўленьне да роднай мовы прадэманстравалі ўчорашнія школьнікі ў Берасьцейскім дзяржунівэрсытэце: заяваў на беларускую філялёгію тут паступіла 7,5 на адно месца, тым часам як на расейскую - 1,8. Як мяняецца конкурс год ад году, інспэктар Міністэрства адукацыі Ларыса Парфянцова назваць не змагла, але сказала, што ён стабільна высокі.

(Парфянцова:) "На беларускую мову конкурс у апошнія 5-7 гадоў стабільна высокі. І нават тое, колькі й як яны здавалі мову, паказвае, што цікавасьць да мовы не прападае."

Акрамя таго 43 адсоткі ад агульнай колькасьці абітурыентаў краіны скарысталіся правам выбару і іспыт з мовы -- абавязковы ў кожнай навучальнай установе -- здавалі па-беларуску. Прычым нездавальняючых адзнакаў на 2 адсоткі больш атрымалі тыя, хто выбраў расейскую мову навучаньня. Паводле кіраўніка галоўнай управы вышэйшай і сярэдняй адукацыі Віктара Цыбоўскага, студэнты таксама маюць права ствараць у сваіх інстытутах беларускамоўныя плыні й групы. Але назваць колькасьць такіх групаў у мінулым годзе чыноўнік ня здолеў. Ідэю адкрыцьця нацыянальнага ўнівэрсытэту ён увогуле лічыць неактуальнай. Гаворыць Віктар Цыбульскі.

(Цыбульскі:) "Гэта настолькі неактуальнае пытаньне ў сыстэме культурнага разьвіцьця ўсёй плянэты! Чаму мы павінны прымушаць людзей навучацца на той мове, на якой мы вырашылі? Калі народ запатрабуе беларускай мовы, то будзем навучаць на беларускай. Але патрэбна, каб наступіў такі час".

Тым часам паводле апошняга перапісу насельніцтва, 80 адсоткаў жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі, а 44 зь іх і размаўляюць па-беларуску. Таму Таварыства Беларускай Мовы ня першы год намагаецца пераканаць чыноўнікаў у неабходнасьці нацыянальнага ўнівэрсытэту, а цяперашняе становішча беларускай мовы называюць дыскрымінацыйным як ў вышэйшай школе, так і ў грамадзтве ў цэлым. Гаворыць сакратар ТБМ Сяржук Кручкоў.

(Кручкоў:) "На жаль, беларусы ў Беларусі ёсьць моўнай меншасьцю, бо ўсё адбываецца на расейскай мове і студэнты ня маюць магчымасьці навучацца на роднай мове. А дзе ж Канстытуцыя, якая гарантуе права навучацца на роднай мове? Такога права ў нас няма, і ніхто яго ня дасьць, пакуль мы самі не запатрабуем гэтага права".

Паводле дасьледаваньняў ЮНЭСКА, калі меньш за 30 адсоткаў маладога насельніцтва размаўляе на чужой мове, то родная знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. У Беларусі летась у беларускія дзіцячыя садкі пайшлі толькі 24 адсоткі малых. Такім чынам, у Беларусі нічога не пагражае толькі замежнай, расейскай мове.
XS
SM
MD
LG