Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ КАМБАЙНЫ БУДУЦЬ ЗЬБІРАЦЬ У ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Камбайны найноўшае мадыфікацыі, а таксама касілкі ды іншую сучасную сельгастэхніку нямецкія партнэры зь вядомай кампаніі КЛААС мяркуюць цяпер зьбіраць на базе Віцебскага адкрытага акцыянэрнага таварыства «Заходне-Дзьвінскі Межрайаграсэрвіс». 350 машынаў вытворчасьці кампаніі КЛААС ужо працуюць у Беларусі. Але яны былі дасланыя непасрэдна зь Нямеччыны, тады як цяпер у Віцебску ствараецца прадпрыемства для мясцовае зборкі машынаў з нямецкіх дэталяў. Першыя 15 камбайнаў, сабраных такім чынам, ужо паступілі днямі ў гаспадаркі Віцебскае вобласьці, яшчэ 15 мусяць быць атрыманыя ў самым хуткім часе. Аднак кіраўнікі тутэйшых гаспадарак хутчэй занепакоеныя, чымсьці ўзрадаваныя гэткімі набыткамі.

Па-першае, вымагае неадкладнага ўдасканаленьня прафэсійная падрыхтоўка кіроўцаў гэтых новых машын. А паколькі ні настаўнікаў-адмыслоўцаў, ні часу на навучаньне цягам цяперашняе «бітвы за ўраджай» не прадугледжана, новыя машыны часьцяком проста не даяжджаюць да месца свае працы: яны або адразу выходзяць са строю ад неспрактыкаванага абыходжаньня, або іх знарок ашчаджаюць самі калгасныя або саўгасныя кіраўнікі, каб прадэманстраваць пры нагодзе вышэйшаму начальству… Дарэчы, старшыні гаспадарак згадваюць, што калі ў свой час экспэрымэнтальныя машыны вытворчасьці «Гамсяльмашу» былі дасланыя ў Аршанскі раён, то з заводу даслалі цэлую групу адмыслоўцаў, каб навучыць тутэйшых мэханізатараў, і такім чынам на Аршаншчыне ўдалося пазьбегнуць падобных праблемаў.

Па-другое, выкарыстаньне нямецкіх камбайнаў магчымае сёньня толькі «ў крэдыт», бо за гэтыя машыны, кожная зь якіх каштуе каля 120 тысячаў даляраў, беларускі бок не заплаціў. І таму гаспадаркі, куды рашэньнем абласнога кіраўніцтва новыя камбайны будуць дасланыя, вымушаныя браць крэдыты ў міжнародных банках. Прычым дырэктар прадпрыемства «Заходне-Дзьвінскі Межрайаграсэрвіс» Рыгор Багатка перакананы, што неабходныя дзеля гэтага гарантыі беларускага ўраду абавязкова будуць атрыманыя. А вось кіраўнікі тутэйшых гаспадарак далёка ня пэўныя, што змогуць разьлічыцца па гэтых крэдытах, бо сельская гаспадарка на Віцебшчыне шмат у чым стратная.

Між тым падчас учорашняе сустрэчы з кіраўніцтвам вобласьці прэзыдэнт па міжнародных сувязях кампаніі КЛААС Дзітэр Дзюрынгер зазначыў, што досыць вялікія кошты новых машынаў мусяць быць апраўданыя іхнай высокай прадукцыйнасьцю. І што памежная Віцебшчына абраная «стартавай пляцоўкай» дзеля выхаду нямецкіх сельскагаспадарчых машынаў на расейскі рынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG