Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЦЯНА ЎГЛЯНІЦА: “МЯНЕ І МАІХ ДЗЯЦЕЙ НЯ ХОЧУЦЬ ВЫПУСКАЦЬ З КРАІНЫ, КАБ У МАЙГО МУЖА БЫЛІ ЗЬВЯЗАНЫЯ РУКІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Амаль год Тацяна Ўгляніца дамагаецца ад пашпартна-візавай службы дакумэнтаў, зь якімі б магла паехаць ў Нарвэгію да мужа. Безпасьпяхова яна зьвярталася ў раённы АВІР, потым ў гарадзкі, а днямі атрымала чарговую адмову ўжо з рэспубліканскай управы пашпартна-візавай службы.

(Тацяна Ўгляніца: ) “У маёй дачкі Марыі няма замежнага пашпарту, і я ніяк не магу яго атрымаць, бо ў гэтым мне адмаўляюць паводле прыдуманых прычынаў. Спачатку казалі, што няма законна пацьверджанага дазволу бацькі на выезд за мяжу. Я прадставіла такі дазвол, у АВІРы спачатку зь ім пагадзіліся, а цяпер адмовілі. Я кансультавалася зь юрыстамі. Замежны пашпарт не выдаюць толькі носьбітам дзяржаўных сакрэтаў, але двухгадовае дзіця ня можа быць носьбітам сакрэтаў”.

Я паспрабаваў высьветліць прычыны, зь якіх дачцы былога супрацоўніка КГБ адмаўляюць у атрыманьні замежнага пашпарту. Ва ўправе пашпартна-візавай службы пры міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі адмовіліся даваць інфармацыю адносна гэтага выпадку. Загадчыца АВІР Першамайскага раёну Людміла Князева паведаміла, што памятае зварот Тацяны Ўгляніцы, але прычынаў адмовы ня ведае. Маўляў, яе падначаленыя толькі выканалі загад рэспубліканскай управы. Між тым, Тацяна Ўгляніца сьцьвярджае, што спачатку ў раённай службе прынялі дакумэнт, які даслаў з Нарвэгіі Генадзь Угляніца. Гэты дакумэнт быў пацьверджаны спэцыяльнай пячаткай міністэрства юстыцыі Нарвэгіі, так званай пячаткай “апастыль”, прынятай ва ўсім сьвеце. Цікава, што ў консульскім аддзеле міністэрства замежных справаў Беларусі таксама выдаюць дакумэнты з такой пячаткай. Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь прызнае дакумэнты зь пячаткай “апастыль” за сапраўдныя, але чамусьці для Тацяны Ўгляніцы зроблена выключэньне.

(Тацяна Ўгляніца: ) “Я лічу, што мяне і маіх дзяцей ня хочуць выпускаць з краіны, каб у майго мужа былі зьвязаныя рукі, каб працягваўся ціск на яго”.

Нагадаем, былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца летась пры канцы жніўня ўцёк за мяжу, пасьля таго, як абнародаваў вынікі прыватнага расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Угляніца заявіў, што да гэтага зьнікненьня датычныя вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. Супроць Генадзя Ўгляніцы была ўзбуджаная крымінальная справа, якая ня спыненая дагэтуль.


XS
SM
MD
LG