Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУРКМЭНБАШЫ ПЕРАНАЗВАЎ МЕСЯЦЫ І ДНІ ТЫДНЯ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

У сёньняшнiм паседжаньнi Рады ўзялi ўдзел больш за 2 тысячы чалавек, дэпутаты парлямэнту, сябры ўраду, прадстаўнiкi грамадзкiх арганiзацыяў. Калi было ўхваленае гэтае рашэньне, слова ўзяў сам цяпер ужо пажыцьцёвы прэзыдэнт, якi ад 2001 году патрабуе, каб яго называлi “туркмэнбашы” – бацькам усiх туркмэнаў. Бацька агучыў сваю новую iдэю – пераназваць месяцы году. Цяпер год будзе пачынацца не са студзеня, а з Туркменбашы. Люты названы ў гонар туркмэнскага сьцягу, сакавiк стаў Наўрузам, красавiк названы ў гонар мацi прэзыдэнта Гурбансалтан-эджэ, верасень набыў назоў кнiгi прэзыдэнта “Рухнама” i да таго падобнага

Таксама пераназваныя i днi тыдня. У прыватнасьцi, панядзелак стане Галоўным днём, аўторак – Маладым, серада – Пасьпяховым, чацьвер – Блаславёным, назва пятнiцы ня зьменiцца, субота стане Днём Духовасьцi, а нядзеля – Днём адпачынку.

Сёньня ж дэлегаты Народнай Рады сталi першымi чытачамi зборнiку вершаў Сапармурата Нiязава пад красамоўным назовам “Хай квiтнее мой народ”. У прадмове аўтар пiша, што паэтычны талент валодае iм усё жыцьцё, але сапраўднае натхненьне да яго прыйшло ў гады незалежнасьцi. Афiцыйная прэса ўжо называе вершы блiскучымi, папярэдняя паэма прэзыдэнта пра ўраджай залiчаная ў шэдэўры, а ягоная кiнга прозы “Рухнама” – лічыцца святой для ўсiх туркмэнаў. Пiсьменьнiк Нiязаў у 2001 годзе скасаваў у тэатры сталiцы опэру i балет. Ён тады сказаў: “Я не разумею балету. Што мне зь iм рабiць?” Апазыцыя называе гэта культам асобы.

Культ асобы сам па сабе ня можа ўзьнiкнуць, яму патрэбная глеба. На чым ён вырастае ў Туркмэнiстане i якiм чынам Нiязаў яго падтрымвае? Самае простае было б тут спаслацца на ўсходнюю мэнтальнасьць народу, якi спрадвеку з асаблiвай павагай ставiўся да сваiх гаспадароў, начальнiкаў. Гэта, натуральна, ёсьць. І Туркмэнбашы ўвесь час адвешвае рэвэрансы ў бок таго ж народу, гаворыць ад iмя яго i ў звыклых для народу катэгорыях, навязваючы яму свой iмiдж сапраўднага бацькi. У той жа прадмове да зборнiку ён пiша, што прысьвячае свае вершы “пакаленьням, якiя 5 тысячаў гадоў нясуць скрозь прастору i час высокае прадвызначэньне народу, народжанага сьветам i дзеля сьвету”. Ён эксплюатуе iмiдж гiстарычных туркмэнскiх пэрсанажаў шматвяковай даўнiны, заснаваных на легендах i мiтах. І пераносiць гэты iмiдж на сябе. Так зьяўляюцца вершы накшталт “Лёс туркмэнаў i мой уласны лёс”. Далей iдуць практычныя дзеяньнi папулiсцкага кшталту.

Гэтымi днямi мае адбыцца зусiм незвычайная для сучаснага сьвету падзея. Каля 200 дамоў, якiя належалi чыноўнiкам, нацыяналiзуюцца i перадаюцца бедным i шматдзетным сем’ям. Выступаючы ў панядзелак у нацыянальнай тэлевiзii, Нiязаў сказаў, што ён уласнаруч зацьвердзiў сьпiсы тых, хто туды перасяляецца, i запатрабаваў ад пракуратуры, Камiтэту нацыянальнай бясьпекi i мэрыi Ашгабаду яшчэ раз праверыць, цi справядлiва людзi патрапiлi ў сьпiс.

Нiязаў на тэлевiзii назваў i iмёны кiраўнiкоў, чые дамы сканфiскаваныя дзяржавай. Сярод iх, у прыватнасьцi, былы вiцэ-прэм’ер, кiраўнiк МЗС Барыс Шыхмурадаў (ён ва ўцёках за мяжой), былы кiраўнiк Цэнтральнага банку Сэйiтбай Гандымаў, былыя мiнiстры, банкiры, кiраўнiкi адмiнiстрацыяў розных узроўняў. Прэзыдэнт адзначыў, што разам у Ашгабадзе каля 300 дамоў, пабудаваных на незаконныя грошы. Нягледзячы на тое, што нiводнае рашэньне ў Туркмэнiстане не прымаецца бязь ведама Нiязава, ён распраўляецца са сваiмi паплечнiкамi менавiта iнкрымiнуючы iм сур’ёзныя злачынствы, зьвязаныя са службовай дзейнасьцю. У вышуку – былы вiцэ-прэм’ер Худайбэрды Аразаў, пад арыштам у сваiм аўле iншы былы вiцэ-прэм’ер Сапармурат Нурыеў. Вiцэ-прэм’ер Худайбэрды Халiлаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Шмат каму iнкрымiнуецца п’янства, крадзяжы, злоўжываньнi.

Былы вiцэ-прэм’ер Барыс Шыхмурадаў, якi абвiнавачваецца ў незаконных зьдзелках з самалётамi, у нядаўнiм iнтэрвiю расейскiм мэдыям сказаў, што “Нiязаў “выпальвае” вакол сябе прастору, ганьбуючы вялiкую колькасьць вядомых туркмэнаў, якiя жылi ў XIX-XX стагодзьдзях i зьвязаных з царскiм i савецкiм пэрыядамi гiсторыi, у здрадзе нацыянальных iнтарэсаў, пры гэтым пакiдаючы бездакорным толькi сябе… Свае ўласныя слабасьцi ён трансьлюе на iншых. А дзясяткi, сотнi туркмэнаў, шмат прадстаўнiкоў творчай iнтэлiгенцыi сёньня лiтаральна ў загоне ў сваёй краiне цi, у лепшым выпадку, уцяклi зь яе”, - зазначае былы вiцэ-прэм’ер.



XS
SM
MD
LG