Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЧ-ІНФІКАВАНЫЯ ПАТРАБУЮЦЬ ДОСТУПУ ДА ТАННЫХ ЛЕКАЎ СУПРАЦЬ СНІДу


Алесь Грыневіч, Менск

У адкрытым лісьце ВІЧ-інфікаваных жыхароў Беларусі, які яны сёньня накіравалі ў дзяржаўныя органы, гаворыцца пра адсутнасьць доступу да паўнавартаснага лячэньня хворых на СНІД. У лісьце сьцьвярджаецца, што тыя лекі, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, ня могуць забясьпечыць такога лячэньня. Асноўнае патрабаваньне ВІЧ-інфікаваных — зарэгістраваць больш танныя лекі.

Гаворыць Насьця, прадстаўніца грамадзкага аб'яднаньня "Пазытыўны рух", які ставіць за мэту абарону інтарэсаў ВІЧ-інфікаваных у Беларусі. Насьця папрасіла не называць ейнага прозьвішча, бо сама зьяўляецца носьбітам вірусу, а стаўленьне грамадзтва да інфікаваных сёньня збольшага нэгатыўнае:

(Насьця: ) "У сьвеце ёсьць лекі, якія ўжываюцца для лячэньня ВІЧ-інфэкцыі на стадыі СНІДу. І фармацэўтычныя кампаніі прапануюць іх па высокіх коштах. Лячэньне аднаго пацыента ў стадыі СНІДу каштуе ад 10 тысяч даляраў на год і вышэй. Але таксама існуюць і танныя лекі. І кошт лячэньня аднаго пацыента гэтымі лекамі — каля 350 даляраў на год. То бок розьніца вельмі вялікая. І танныя лекі прайшлі тэставаньне Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і былі прызнаныя якаснымі".

Загадчыца лекавага аддзелу Нацыянальнага цэнтру прафіляктыкі СНІД Ларыса Касінская кажа, што пакуль няма асаблівай патрэбы ў рэгістрацыі новых прэпаратаў, бо хворых на СНІД сярод ВІЧ-інфікаваных пакуль вельмі мала. Таму, паводле ейных словаў, можна абысьціся і цяперашнімі зарэгістраванымі прэпаратамі. Курс лячэньня імі каштуе каля 10 тысяч даляраў штогод.

(Касінская: ) "З тае прычыны, што мы маем сёньня невялікую колькасьць ВІЧ-інфікаваных і невялікую колькасьць хворых на СНІД, гэтыя прэпараты ў нас цудоўна працуюць. І мы пакуль што ня маем неабходнасьці — дзяржава нам выдаткавала суму на пятнаццаць пацыентаў, хоць на сёньня ў нас восем хворых на СНІД жывых, разумееце? Мы на пятнаццаць замовілі. Таму праблемаў няма, і яны пішуць, проста ня маючы ніякага разуменьня. Абы падняць шум".

Сытуацыя зь ВІЧ-інфэкцыяй ускладняецца тым, што большасьць інфікаваных у Беларусі — наркаманы. Спадарыня Касінская кажа, што зь імі вельмі цяжка працаваць, бо іх не цікавіць уласнае здароўе. А вось што кажа прадстаўніца "Пазытыўнага руху":

(Насьця: ) "У тым і рэч, што застаюцца людзі, якія не ўжывалі наркотыкаў і атрымалі ВІЧ-інфэкцыю зь нейкай іншай прычыны. Цяпер вельмі часта такія выпадкі адбываюцца сярод маладых жанчын, якія падчас цяжарнасьці здаюць тэсты і аказваюцца ВІЧ-інфікаванымі. То бок ёсьць людзі, якія ўжываюць наркотыкі, а ёсьць людзі, якія ніколі не ўжывалі, вядуць звычайны лад жыцьця і зьяўляюцца, ня ведаю, здаровымі чальцамі грамадзтва. Я думаю, што для іх трэба зрабіць так, каб лекі былі даступныя".

Насьця кажа, што сама яна заразілася восем гадоў таму, калі ёй было 18. Яна сустракалася з мужчынам, які ведаў, што ён ВІЧ-інфікаваны, але нічога ёй не сказаў, калі яны некалькі разоў мелі сэкс без прэзэрватыву.

На 1 жніўня ў Беларусі зарэгістравана 4486 ВІЧ-інфікаваных. Ад ВІЧ-інфікаваных маці ўжо нарадзілася каля 240 дзяцей.


XS
SM
MD
LG