Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІБІЯ НАЛАДЖВАЕ КАНТАКТЫ З ЗАХАДАМ


Натальля Судлянкова, Прага

Візыт прадстаўніка такога высокага ўзроўню адлюстроўвае пэўныя разыходжаньні ў поглядах на Лібію паміж Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй. Вашынгтон і дагэтуль лічыць Кадафі паплечнікам тэрарыстаў, але Лёндан, як заявіў О’Браен, лічыць, што дыялёг зь лібійцамі і заахвочваньне рэжыму Кадафі могуць стаць больш эфэктыўным сродкам, чым палітыка санкцыяў.

У пэўным сэнсе гэты візыт брытанскага дыплямата можна лічыць перамогай Трыпалі. Кадафі цяпер падаецца меншым злом і асобай больш адказнай і прадказальнай, чым Садам Хусэйн.

О’Браен, як лічаць назіральнікі, паспрабуе дамовіцца з кіраўніцтвам Лібіі аб удзеле краіны ў апэрацыях супраць тэрарыстаў і вытворцаў зброі масавага зьнішчэньня. Мяркуецца, што брытанскі прадстаўнік зьвернецца да Трыпалі з просьбай дапамагчы ў зборы інфармацыі аб дзейнасьці і асобах тэрарыстычных арганізацыяў, у першую чаргу – “Аль-Кайды”.

Як паведамляюць лібійскія дзяржаўныя крыніцы, Лібія ўжо ўдзельнічала ў барацьбе з “Аль-Кайдай”, прынамсі, перадала пэўную інфармацыю наконт ісьлямскіх ваяўнікоў. Але згодна з дадзенымі з брытанскіх крыніцаў, Лёндан будзе прасіць прадставіць больш дакладную і поўную інфармацыю.

Больш таго, менавіта Лібія магла б стаць краінай, якая істотна дапаможа стварыць і актывізаваць заходнюю выведную сетку ў арабскім сьвеце. Захад таксама прынамсі разьлічвае на маўчаньне Трыпалі ў выпадку амэрыканскага нападу на Ірак. Ролю Лібіі цяжка перабольшыць.Менавіта яе няўдзел у пратэстах супраць амэрыканцаў можа дапамагчы суцішыць магчымыя хвалі пратэстаў.

У якасьці ўзнагароды за супрацоўніцтва Лібія, хутчэй за ўсё, будзе прапанаваць скончыць санкцыі Злучаных Штатаў і ААН супраць краіны.

Прадстаўнікі рэжыму Кадафі паведамілі, што былі б ахвотнымі выплаціць амаль тры мільярды даляраў родным тых 270 чалавек, што загінулі ў часе выбуху самалёта над шатляндцкай вёскай Локэрбі. Было даказана, што арганізатарамі гэтага выбуху былі лібійцы. У 1999 годзе два арганізатары былі выдадзеныя Вялікай Брытаніі. Дарэчы, пасьля гэтага дыпляматычныя адносіны паміж Трыпалі і Лёнданам былі адноўленыя.

Як паведаміла агенцтва Associated Press, 40 адсоткаў з трох мільярдаў будуць выдаткаваныя пасьля адмены санкцыяў ААН супраць Лібіі, 40 адсоткаў – пасьля адмены санкцыяў ЗША і апошнія 20 адсоткаў – пасьля таго, як Лібія будзе выключаная з амэрыканскага сьпісу краінаў, што падтрымліваюць тэрарызм.

Пакуль адвакаты сем’яў ахвяраў вядуць перамовы з амэрыканскім урадам, але прэсавы сакратар Дзярждэпартаманту ЗША Рычард Баўчар заявіў, што гэты крок з боку Трыпалі не вырашае ўсіх праблемаў, якія ёсьць у Злучаных Штатаў з рэжымам Кадафі.

Лёндан, у сваю чаргу, можа ўзнагародзіць Лібію за ўдзел у барацьбе з тэрарызмам тым, што паспрыяе інвэстыцыям брытанскіх энэргетычных кампаніяў у дадзены рэгіён. Прадстаўнікі гэтых кампаніяў ужо наведвалі Лібію і вывучалі магчымасьць вядзеньня там бізнэсовых праэктаў.




XS
SM
MD
LG