Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРЫЧАВЕ ЗАБАРАНІЛІ ГАНДАЛЬ НА ХАРЧОВЫМ РЫНКУ ГОРАДУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Мясцовая санэпідэмстанцыя забараніла гандаль харчовымі таварамі на той падставе, што ён вядзецца непасрэдна з адкрытых латкоў. Паводле меркаваньня супрацоўнікаў станцыі, пры такім гандлі псуюцца прадукты, што дрэнна паўплывала на санітарнае становішча Крычава. Яны прапануюць гандлярам выкарыстоўваць стацыянарныя гандлёвыя пункты.

Крычаўскія гандляры зьдзіўляюцца таму, што гэткае рашэньне ўзьнікла адразу пасьля агульнарэспубліканскага страйку прадпрымальнікаў. Яны гандлявалі крупамі, макаронамі, печывам, цукеркамі ды іншымі харчамі на працягу ўсяго году, а да жніўня такі гандаль задавальняў улады.

Раней службы, якія кантралююць гандаль, нічога ня мелі супраць адкрытых латкоў, але пры ўмове, што прадукты мусяць мець завадзкую ўпакоўку. Тады прадпрымальнікі пагадзіліся на такую ўмову, і бакі прыйшлі да згоды. Цяпер ад іх нечакана запатрабавалі, каб яны гандлявалі праз так званыя стацыянарныя пункты – закрытыя крамы. Але з уладальнікаў некалькіх дзясяткаў латкоў толькі двое змаглі знайсьці грошы на такія крамы. Для іншых гэты крок проста не па кішэні.

Некалькі дзясяткаў чалавек рызыкуюць застацца бяз працы, а жыхары гораду – бяз таннага харчу. І што адметна – гандаль праз латкі вядзецца ў многіх раённых цэнтрах Магілеўшчыны, але ён чамусьці не раздражняе тамтэйшых чыноўнікаў.
XS
SM
MD
LG