Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦІ СПЫНЕНАЯ ВЫПІСКА ЛЬГОТНЫХ РЭЦЭПТАЎ НА ЛЕКІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Падставай для такога рашэньня зьявiліся вялiзарная запазычанасьць прадпрыемства “Фармацыя” i адсутнасьць сродкаў у мясцовым бюджэце для кампэнсацыi гэтых выдаткаў.

Рашэньне Берасьцейскага гарвыканкаму часова забараняе выпiску бясплатных і льготных рэцэптаў для набыцьця лекаў. Згаданае рашэньне дзейнічае ад 5 жнiўня да 15 верасьня. Але ў прыватных размовах супрацоўнікі гарадзкога аддзелу аховы здароўя гавораць, што дзеяньне гэтага загаду будзе працягнутае і далей. У мясцовым бюджэце няма сродкаў, каб кампэнсаваць выдаткі мэдычных установаў, што займаюцца абслугоўваньнем ільготных групаў насельніцтва.

На прыняцьці згаданага рашэньня ў першую чаргу настойвала кiраўнiцтва берасьцейскага прадпрыемства “Фармацыя”. Паводле словаў генэральнага дырэктара Валянцiны Сасонкiнай, яшчэ ў лiпенi запазычанасьць мэдычных установаў гораду за атрыманыя лекi складала каля паўмiльярда беларускiх рублёў. 134 мiльёны рублёў з названай сумы—запазычанасьць за мiнулы год. Спадарыня Сасонкіна сьцьвярджае, што з-за адсутнасьці грошай “Фармацыя” ня можа купіць шмат якія жыцьцёва неабходныя лекі. Таму яшчэ з 1 лiпеня гэтае прадпрыемства самастойна прыняла рашэньне, згодна зь якім аптэкi Берасьця спынiлi выдачу лекаў па бясплатных альбо льготных рэцэптах. Выключэньнi зробленыя толькi для iнвалiдаў вайны ды людзей, што пакутуюць на асабліва цяжкія захворваньні. Акрамя таго, на прапанову кiраўніцтва “Фармацыі” берасьцейскiм мэдыкам забаронена выпісваць рэцэпты на замежныя лекі, калі існуюць аналягічныя беларускія прэпараты. Поўны сьпіс абмежаваньняў займае пяць старонак тэксту і прызначаны толькі для службовага карыстаньня.

Ад новаўвядзеньня ў першую чаргу церпяць людзі сталага веку, якія вымушаныя часьцей зьвяртацца ў аптэкі. Гаворыць пэнсіянэрка Натальля Ласоцкая:

(Ласоцкая:) “Я – інвалід другой групы, адпрацавала ў гандлі 44 гады, маю вельмі цяжкае захворваньне на ногі. Амаль кожны дзень трэба ісьці ў аптэку. Зараз за ўсё трэба плаціць цалкам, а раней купляла лекі за 10% іхнага кошту. Калі раней лекар выпісваў імпартныя лекі, дык цяпер гэта забаранілі”.

Берасьцейскае кіраўніцтва прадпрыемства “Фармацыя” настойвае, каб аналягічнае рашэньне прынялі таксама абласныя ўлады. Але ва ўпраўленьні аховы здароўя аблвыканкаму кажуць, што размовы пра гэта ня йдзе і што ўвогуле праблема льготных рэцэптаў – штучная. Паводле словаў кіраўніка ўпраўленьня Сяргея Панько, забесьпячэньне лекамі на Берасьцейшчыне значна лепшае, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Але гэтыя заявы наўрад ці суцяшаюць інвалідаў і пэнсіянэраў, што пазбаўленыя зараз магчымасьці атрымаць ільготны рэцэпт і набыць па ім неабходныя лекі.
XS
SM
MD
LG