Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ АХВЯРЫ БІТВЫ ЗА ЎРАДЖАЙ


Валер Каліноўскі, Менск

Асноўнымі прычынамі ахвяраў і траўматызму афіцыйныя структуры называюць невыкананьне правілаў бясьпекі. На думку ж незалежных экспэртаў, вінаватая праца ў аўральным рэжыме на састарэлай тэхніцы пад час аб’яўленага Лукашэнкам надзвычайнага становішча і бітвы за ўраджай.

Новымі ахвярамі сталіся памочнік камбайнэра ў Лідзкім раёне, які позна ноччу выпаў з камбайна і загінуў, а таксама жыхарка Дубровенскага раёну, якая ехала на возе і патрапіла пад камбайн, што выйшаў на паласу сустрэчнага руху. Яшчэ адна жанчына тады была пакалечаная. У адрозьненьне ад мінулага году шмат фіксуецца выпадкаў дзіцячага траўматызму, у тым ліку і са сьмяротным зыходам. У Лагойскім раёне на збожжасховішчы ў яму для зерня патрапіў дзевяцігадовы хлопчык, пад цяжарам збожжа ён задыхнуўся. У Бешанковіцкім раёне сын камбайнэра патрапіў у шнэкавыя мэханізмы камбайна і застаўся без рукі...

Гінуць і прысланыя з гарадоў мэханізатары, якія не прывыклі да падобных перагрузак.

Паводле словаў кіраўніка Дзяржінспэкцыі ў справе аховы працы, транспартнай і пажарнай бясьпекі Мінсельгасхарча Леаніда Коктыша, на жніве ўжо загінула 5 чалавек, цяжка траўмавана 15 чалавек.

Паводле ягоных словаў, асноўная прычына гэтых выпадкаў – дрэнная арганізацыя працы і слабая дысцыпліна.

Намесьнік дырэктара дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы Пятра Кандратовіча ў інтэрвію газэце “Рэспубліка” назваў прычынай такіх трагічных падзеяў грэбаваньне правіламі бясьпекі з боку кіраўнікоў гаспадарак, якія прыкрываюцца надзвычайнай сытуацыяй. Другая прычына – тое, што толькі палова гаспадарак мае спэцыялістаў у справе аховы працы, іншыя пазбавіліся такіх спэцыялістаў дзеля эканоміі сродкаў.

Вядомы спэцыяліст у сельскай гаспадарцы акадэмік Іван Нікітчанка бачыць і іншыя, ня менш сур'ёзныя прычыны такіх здарэньняў:

(Нікітчанка: ) “Галоўных прычынаў тры. Па-першае, што тэхніка не была адрамантаваная як сьлед. Уборку пачыналі з таго, што толькі 44% камбайнаў былі спраўнымі. Але якая спраўнасьць старой тэхнікі. І людзі не заўсёды кваліфікаваныя лезьлі яе рамантаваць. Па-другое, сьпешка – прэзыдэнт заявіў, што да 1 жніўня трэба закончыць уборку. Але нагрузка на адзін камбайн аказалася павялічаная ў 3 разы ў параўнаньні з тым, што было ў 1995 годзе. І па-трэцяе, надзвычайнае становішча”.

Акадэмік Іван Нікітчанка кажа, што ва ўмовах надзвычайнага становішча людзі вымушаныя былі працаваць не па 8 гадзінаў, а болей, днём і ноччу, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства аб працы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG