Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ВЕРНІКІ ПАСТАНАВІЛІ АДСТОЙВАЦЬ СВАЕ ПРАВЫ РАЗАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прадстаўнікі дзевяці канфэсіяў бралі ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі "Рэлігія і дэмакратыя", якую ладзіў у Раўбічах пад Менскам Цэнтар правоў чалавека. Асноўнай тэмай абмеркаваньня рэлігійных дзеячоў і праваабаронцаў быў праект закону "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях", які чакае канчатковага прыняцьця ў Савеце Рэспублікі — верхняй палаце гэтак званага Нацыянальнага сходу.

Паводле вынікаў дыскусіі ўдзельнікі канфэрэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да гэтага законапраекту. Прадстаўнікі пратэстанцкіх цэркваў, грэка-каталікоў, юдэяў ды іншых канфэсіяў лічаць гэты дакумэнт непрымальным, паколькі, на іхную думку, ён парушае правы вернікаў і правакуе міжканфэсійную варожасьць.

Рэлігійныя дзеячы таксама лічаць, што законапраект супярэчыць міжнародным абавязкам, якія прыняла Беларусь, і гэта, на думку ўдзельнікаў размовы, прывядзе да страты аўтарытэту Беларусі ў сьвеце. Супраць парушэньня правоў грамадзянаў выказаліся і прадстаўнікі праваслаўя, каталіцкай царквы ды мусульманаў, але да рэзалюцыі з асуджэньнем законапраекту яны не далучыліся.

Праваслаўны сьвятар заявіў, што яго законапраект задавальняе, а прадстаўнік рыма-каталіцкай царквы заўважыў, што касьцёл дасылаў заўвагі пра законапраект у парлямэнт і больш нічога ня можа зрабіць для таго, каб іх улічылі.

Старшыня грэка-каталіцкай грамады ў Горадні Вітаўт Парфёненка гэтак пракамэнтаваў падзел сярод канфэсіяў Беларусі адносна законапраекту, якім плянуецца рэглямэнтаваць рэлігійную дзейнасьць у краіне:

(Парфёненка: ) "У першую чаргу гэта гульня, зьвязаная з тым, што вось раптам нас не зачэпяць, бо мы ўжо маем пэўную арганізацыйную структуру і можам неяк праіснаваць. Можа, нейкія абяцаньні былі. Я лічу, праваслаўным няма за што крыўдаваць на цяперашнюю ўладу. Што да рыма-каталікоў, то наўрад ці магчыма было прымаць рашэньне ўхваліць гэты законапраект, ня ўлічваючы думку простых вернікаў. Асабіста я не выказваюся ад нашай адміністрацыі, а менавіта ад вернікаў. Мы сёньня маем шмат цяжкасьцяў з рэгістрацыямі, з рознымі справамі, зьвязанымі з нашай рэлігійнай дзейнасьцю. Гэта і пабудова цэркваў, і магчымасьць адпраўленьня набажэнстваў. Мяркую, вялікія колькасьць цэркваў, якія выйшлі з падпольля ў постсавецкі час, маюць падобныя цяжкасьці.

З боку ўладаў да нас ёсьць толькі прыклады адфутбольваньняў. І таму мы вельмі балюча ўспрымаем законапраекты, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы вернікаў. Мы можам зноў апынуцца ў загнаным стане, і таму я вельмі спадзяюся, што ў верхняй палаце парлямэнту знойдуцца людзі, якія змогуць гэта цьвяроза ацаніць".

Таксама ўдзельнікі канфэрэнцыі ўхвалілі ідэю стварыць грамадзкую раду цэркваў, якая б супольна адстойвала парушаныя правы вернікаў усіх канфэсіяў. Мэханізм стварэньня такой рады яшчэ будзе выпрацоўвацца.

XS
SM
MD
LG