Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОФІ АНАН ДАСЛАЎ ІРАЦКАМУ РЭЖЫМУ РЭЗКІ АДКАЗ У СПРАВЕ ІНСПЭКТАРОЎ ААН


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Фармулёўка Анана даволi жорсткая. Цi не ставiць яна кропку на спадзяваньнi рэжыму Садама дыпляматычнымi хiтрыкамi абыйсьцi патрабаваньнi ААН у iнспэкцыi ваенных аб’ектаў Іраку? Падобную думку выказваюць сёньня шматлiкiя назiральнiкi. Багдад спрабуе выкарыстаць i разыходжаньнi ў поглядах сяброў Рады Бясьпекi, i асобныя паслабленьнi ААН у выкананьнi санкцыяў супраць Іраку, i нязгоду эўрапейскiх партнэраў ЗША зь iхнымi плянамi выкарыстаць сiлу ў зьвяржэньнi iрацкага рэжыму.

Багдад ужо чатыры гады не дапушчае ў краiну iнспэкцыю ААН у справах раззбраеньня Іраку. Нягледзячы на тое, што рэзалюцыя Рады Бясьпекi патрабуе бесьперашкоднага доступу сяброў iнспэкцыi на ўсе ваенныя аб’екты, дзе можа распрацоўвацца цi захоўвацца зброя масавага зьнiшчэньня, Багдад на двух раўндах сёлетнiх перамоваў з ААН выстаўляў шэраг сустрэчных умоваў. Натуральна, гэта выклiкае падозраньнi мiжнароднай супольнасьцi, што Ірак працягвае распрацоўку ўзбраеньня. Цяпер, калi навiсла пагроза ваеннай апэрацыi ЗША дзеля зьвяржэньня рэжыму Садама, мiнiстар замежных справаў Наджы Сабры на мiнулым тыднi ў лiсьце да генэральнага сакратара ААН Кофi Анана запрасiў кiраўнiка iнспэкцыi Ганса Блiкса ў Багдад дзеля перамоваў у гэтай справе. Анан абмеркаваў гэты лiст зь сябрамi Рады Бясьпекi, якiя выказалi скептыцызм адносна сапраўдных намераў Багдаду. І вось учора Анан даў адказ Наджы Сабры.

Анан адзначае, што новая прапанова Іраку супярэчыць рэзалюцыi Рады Бясьпекi 1999 году. Ён не фармулюе нейкай новай пазыцыi ААН, а катэгарычна падкрэсьлiвае, што ўмовы, зразумела i дакладна сфармуляваныя ў рашэньнi пра стварэньне iнспэкцыйнай камiсii, працягваюць дзейнiчаць. А менавiта: iнспэктары павiнны вярнуцца ў Ірак i дасьледаваць, якiя зьмены адбылiся пасьля iхных апошнiх iнспэкцыяў. Затым яны цягам 60 дзён мелiся б вызначыцца, якiя пытаньнi задаць iрацкаму кiраўнiцтву адносна распрацоўкi ў гэтай краiне хiмiчнай, бiялягiчнай, ядзернай i ракетнай зброi, за выключэньнем той, што неабходная дзеля абароны. І Ірак павiнен быў бы выконваць гэты плян.

Анан падкрэсьлiў, што iнспэкцыя доктара Блiкса дзейнiчае ў адпаведнасьцi з рашэньнямi Рады Бясьпекi. Зрэшты, i лiст Сабры мусiў дасылаць не генэральнаму сакратару, а кiраўнiку iнспэкцыi, -- пiша Анан. І на завяршэньне пасланьня ён зазначае, што чакае ад iрацкага ўраду пацьверджаньня пасьлядоўных крокаў у выкананьнi рашэньня Рады Бясьпекi, уключна з афiцыйным запрашэньнем iнспэкцыi вярнуцца ў краiну.


XS
SM
MD
LG