Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-ЗА ПАСТАНОВЫ ГАСПАДАРЧАГА СУДУ ТЫСЯЧЫ БЕЛАРУСАЎ СТРАЦІЛІ ПРАЦУ


Казімір Яноўскі, Гомель

Каля 3 тысячаў беларускіх рабочых пазбавіліся працы з прычыны згортваньня заказаў “Захад-Транснафтапрадукту

Прыватнае расейскае прадпрыемства, якое займаецца перапампоўваньнем нафтапрадуктаў з Расеі ў Заходнюю Эўропу і латвійскі порт Вэнтспілс, сёлета з дапамогаю беларускіх будаўнікоў вяло рэканструкцыю сваіх магістральных трубаправодаў. Найбольш маштабныя работы выконваліся на паўночным участку: Унеча – Магілеў – Латвія.

Пасьля адмены рэгістрацыі Вышэйшым судом расейскае прадпрыемства апынулася па-за межамі прававога поля. Распавядае намесьнік дырэктара “Захад-Транснафтапрадукту” Аляксандар Кузьменка.

(Кузьменка: ) “У прававой яме апынуліся. З-за гэтага рашэньня суду 47 беларускіх прадпрыемстваў-падрадчыкаў засталіся без працы. Гэта каля 3 тысячаў чалавек. Мы былі вымушаныя адмовіцца ад іхніх паслуг. Мясцовымі ўладамі блякаваныя земляныя адводы, прызначаныя для арэнды. Таму ніякія работы на трубаправодзе не вядуцца. Ня нашым прадпрыемствам, а за нашы грошы беларускімі падрадчыкамі”, - паведаміў спадар Кузьменка.

Паводле ягоных словаў, найбуйнейшыя заказы былі ў трэстаў “Магілеўгазбуд” і “Белтрубаправодбуд”.

Расейскае прадпрыемства вымушана спыніла рэканструкцыю. Пасьля адмены рэгістрацыі яго дзейнасьць можа быць аб’яўленая незаконнай з прымяненьнем адпаведных штрафных санкцыяў.

Беларускі бок настойвае, каб “Захад-Транснафтапрадукт” стала супольным прадпрыемствам, паколькі ўзьнікла яно на аснове створанай яшчэ ў савецкія часы Мазырскай управы магістральных нафтапрадуктаправодаў.

Дырэктар “Захад-Транснафтапрадукту” Мікалай Альхімовіч знаходзіцца цяпер у Маскве. На прадпрыемстве спадзяюцца, што з дапамогай расейскага ўраду ўдасца абараніць нафтапрадуктаправод, які стаў прычынаю напружаньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.
XS
SM
MD
LG